Абое рабое. Таццяна ДземідовічЧитать онлайн книгу.
ездзілі.
– А давай, Сямёнаў, у гонар нашай сустрэчы на рыбалку махнём! – прапанаваў Вядзёркін. – Уяўляеш: ранішняе паветра, жаўрукі спяваюць, конікі ў траве стракочуць…
– Не, – запярэчыў Сямёнаў – Нудоцце гэтая рыбалка. Яшчэ і камары грызуць. Ды ў мяне і рыбацкіх прылад няма. Давай лепш у рэстаран сходзім! Вып’ем, закусім, патанцуем…
– Не, – адмовіўся Вядзёркін, – што той рэстаран? Там не пагутарыш: музыка раве, шмат людзей… І дорага, між іншым… Слухай, а давай лепш я да цябе ў госці з падарункам прыйду. Прынясу дамашняе віно! Смачнае, духмянае…
– Не, віно я не люблю… Лепш піва. Да і нязручна зараз у мяне. Цешча з вёскі прыехала і кожны дзень сваіх сябровак на каву запрашае. Давай лепш я да цябе прыйду з вясковымі прысмакамі – варэнне малінавае, кампот грушавы…
– Не трэба, – захваляваўся Вядзёркін, – у мяне цукровы дыябет. І сабака дома вось-вось павінна ашчаніцца… Ведаеш, што? А давай у «Вайберы» сустрэнемся!
– Давай! – узрадаваўся Сямёнаў.
Так і зрабілі. Адзін даслаў сябру відэа, як выпіў за яго здароўе дамашняе віно, другі – сюжэт з півам. Сямёнаў яшчэ паказаў, якія на выгляд смачныя вясковыя нарыхтоўкі. Вядзёркін прадэманстраваў на фота свае дарагія рыбацкія снасці.
Карацей кажучы, добра пасядзелі… Нядорога, у цяпле, без назойлівых камароў і надакучлівай музыкі…
У пошуках сапраўднага Новага года
За тры гадзіны да бою навагодніх курантаў я пастукалася ў дзверы да сваёй сяброўкі, якую не бачыла амаль ад самага заканчэння школы.
– Алеська! Як усё змянілася за гэты час у тваёй кватэры! Памятаю, каля ўваходу ў залу стаяла велізарная шафа з кнігамі. Далей быў круглы стол з накрухмаленай сурвэткай, а над ім на сцяне вісела гітара. А тэлевізар, які ўвесь час шыпеў ды на самым цікавым месцы мог паламацца? – я спынілася на парозе і пачала азірацца.
– Дарэчы, а дзе твой тэлевізар? Які ж без яго Новы год?
– А няма ў мяне цяпер гэтай скрынкі, – паціснула плячыма сяброўка дзяцінства.
– Дзе ж ён?
– Яго з’елі! – загадкава адказала Алеська.
– Хто з’еў? – не зразумела я.
– Быццам не ведаеш гэтых нахабнікаў? – здзівілася яна. – Камп’ютар і мабільны тэлефон! Ням-ням… І няма тэліка! Яно ж як атрымліваецца: пакуль у інтэрнэце сяджу, мабільнік надрываецца. Пакуль па тэлефоне пагутару, у інтэрнэце навіны абнавіліся… Калі тут тэлевізар глядзець?
Я з разуменнем заківала. Алеська казала праўду. Прыйшоў канец эры тэлевізараў. Памаўчаўшы крыху, уздыхнула і сказала:
– А памятаеш, у дзяцінстве мы мульцік «Ну, погоди!» увесь тыдзень чакалі. І «Калыханку» з Дзедам-Барадзедам глядзелі…
– Знайшла пра што шкадаваць! Тэлевізар! – узрушана прамовіла сяброўка. – У свой час гэта быў монстр, больш страшны за тэлефон і камп’ютар! Менавіта ён калісьці з’еў нашу велізарную шафу з кнігамі! Памятаеш бразільскія серыялы, «Поле цудаў», «Смехапанараму» і перадачу «Мая сям’я»? Ужо толькі пасля іх наша шафа апусцела напалову: нешта ў макулатуру здалі, астатняе ў краму «Букініст» аднеслі. Ну а калі рэаліці-шоў пачаліся, дык кнігі наогул зніклі з кватэры за непатрэбнасцю.
– Слухай, Алеська, а ўяві, праз некалькі дзесяцігоддзяў з’явіцца якая-небудзь новая «пачвара» ды з’есць камп’ютар і мабільны тэлефон, – я вырашыла пафантазіраваць.
Дзяўчына з любоўю прыціснула да сэрца свой новенькі смартфон і пакруціла галавой. І тут нашу размову перапыніў нейкі булькаючы гук.
– Хто там? – спалохана пракрычала Алеська.
– Ну ты даеш, сяброўка! Гэта ж скайп! – засмяялася я.
– Сапраўды! Зусім мяне загаварыла, – схамянулася тая і паклала ноўтбук сабе на калені: «Прывітанне, мае дарагія! І вас са святамі! І вам шчасця і здароўя! А Новы год што, ужо наступіў? Калі? Пяць хвілін таму? Ну, вось дзякуй, што патэлефанавалі і паведамілі».
Алеська скончыла размову і штурхнула мяне локцем:
– Давай хутчэй віншавальныя СМС-кі сябрам адпраўляць.
– А ў мяне да цябе іншая прапанова! – я вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. – Давай захопім бенгальскія агні і адправімся на вуліцу шукаць Дзеда Мароза! А потым пойдзем да мяне глядзець «Голубой огонек», есці аліўе і піць шампанскае. Такія традыцыі не варта парушаць з-за нейкіх там СМС-ак!
Алеська засмяялася. І мы, як у дзяцінстве, кінуліся навыперадкі апранацца і шукаць сапраўдны Новы год.
Рэцэпцiк
– Як справы, Наста? Як настрой перад святам? – пацікавілася па тэлефоне ў сяброўкі Вера.
– Ды ніяк… Вось сяджу зараз на кухні, гляджу на чысцюткія каструлі ды галаву ламаю: што прыгатаваць на свята? – паскардзілася Наста. – Салата аліўе надакучыла, рысам з крабавымі палачкамі гасцей таксама не здзівіш…
– А я ўчора глядзела перадачу «Нам так не есці» з Аленай Чабурэкавай і запісала вельмі добры рэцэпцік! – Хочаш, і табе прадыктую?
– Ну, малайчына, Верка! – узрадавалася Наста і пабегла шукаць