Каханне (зборнік). Мікола КалядныЧитать онлайн книгу.
ваколле ўвобміг захвалявалася.
Расліны страпянуліся і нервова закалываліся. Жывёлы спалохаліся і кінуліся бегчы. Камяні скалануліся ўнутрана, застаючыся вонкава нязрушнымі.
На адным з іх, сама вялікім і пляскатым, сядзеў Леў.
Яго таксама ўстарнавала невядомая касмічная хваля, і ён, імкнучыся зразумець яе, пільна ўглядаўся ўдалячынь, магутным узрокам ляцеў аж да зораў.
Да Льва зрозь збягалася ўсялякая зверына. Ён вялікасна і спагадліва прымаў кожную, выслухваў і мудра радзіў-судзіў.
Цяпер перад ім сабралася процьма народу, які задзіночана-запытальна пазіраў на цара і чакаў адказу, аднаго на ўсіх.
Леў адчуваў агульную занепакоенасць і ведаў, што значыць цяпер ягонае слова. Ён чуйна ўбіраў у сябе касмічныя сігналы, асэнсоўваў іх і рыхтаваўся мовіць.
Нішто не парушала гэтае глыбокае засяроджанасці.
Толькі адно сонца ўзбуджала ясны пагляд.
Шкаляры
1
– Адкуль ён?
– З Ліцвініі, вашая імасць. – Добры край. Нам шанцуе на яго прадстаўнікоў. Але чамусьці адтуль даўно нікога не было.
– Там зараз неспрыяльныя ўмовы: зашмат ліхасці.
– Дзе яе толькі няма. Нам з ёю яшчэ доўга ходацца. Не прамарудзілі мы з ім?
– Так, ён крыху старэйшы, чым трэба, але вельмі здольны. Гэтак лічыць Альгерд.
– Альгерд ведае людзей. Абы каго не возьме. Аднак ім будзе цяжка.
– Сапраўды, выпадак вынятковы. А калі нам было лёгка?
– Дзеля гэтага і жывём. Як ён пачувае сябе?
– Пакуль непрытомны. – Калі агоўтаецца, уважліва паназірайце за ім: першыя ўражанні існыя і праўдзівыя.
2
Кастусь расплюшчыў вочы.
Нязвыкла яркае святло разанула зрэнкі, асляпіла. Ён спалохана зажмурыўся і сцяўся, адчуваючы чыюсці прысутнасць.
Павольна падняў павекі – і нікога ня ўбачыў. Затое знайшоў сябе ў ложку.
Незнаёмы пакой напачатку падаўся пустым, а потым, па меры змянення светлавой танальнасці, паступова праказаўся незвычайным убраннем.
Стол, крэслы, шафа, шматлікія прадметы, прызначэнне якіх Кастусь не ведаў, – усё было круглявае і белае. Ён асалапеў, калі раптам сцяна ператварылася ў вялізнае акно і перад ім расхінулася ашаламляльная вонкавасць.
Гарыстая мясцовасць патанала ў зеляніве і квецені, лашчылася ў сонечным марыве. На ёй узвышаліся фантастычныя збудаванні, якія ўражвалі формаю і афарбоўкаю. У паветры нароўні з птушкамі і казачнымі істотамі луналі-куляліся людзі. Кастусь захапіўся відовішчам і ніколькі не дзіваваў, што цераз шкло адчувае пахі, гукі і нейкія незразумелыя выпрамяненні.
Таму і не адразу яго вярнуў да рэальнасці чыйсьці голас:
– Гэта можна яшчэ і пакратаць. Ён схамянуўся і зірнуў убок. Перад ім стаяў высокі мужчына і прыемна ўсміхаўся. Кастусю падалося, што той вынік прама з паветра.
Незнаёмец працягнуў руку. Нібыта ад чараўніцтва яна падаўжэла, лёгка прайшла праз балонку і кранула цыліндрычны гмах на ўзгор’і. Затым павольна праплыла над зялёнымі бухматымі дрэвамі і нырнула ў лістоту разложыстага дубу. Ад шапацення ўсхваляваліся птахі. Адны з іх узняліся ўгору, іншыя селі на далонь, якая ўвачавідкі пабольшала, і зацвыркалі. Уражвала мноства і мілагучнасць спеўных матываў. Нейкі юнак вёртка крутнуўся ў паветры, скокнуў на далонь, зрабіў сальта і, адштурхнуўшыся, імпэтна ўзнёсся.
Пачакаўшы хвілю, дзівоснік варухнуў пальцамі, спудзіў птушак і вярнуў руку да звыклага стану.
Кастусь зніякавеў і нічога не мог прамовіць.
– А цяпер паспрабуй ты, – пачуў ён прапанову і няўцямна ўзняў правіцу.
Пальцы нібыта расцягнуліся, памкнуліся ўперад і хутка датыкнуліся шыбіны.
Кастусь крыху пастрыг імі, злёгку націснуў. Але нічога не адбылося – і ён бездапаможна апусціў руку.
– Не ўсё адразу, – паблажліва суцешыў незнаёмец. – А пачатак мне падабаецца.
Кастусь паглядзеў на яго больш уважліва і напружыўся: нарэшце неведзь абудзіла свядомасць. Ён ужо гатовы быў выбухнуць пытаннямі, але той апярэдзіў:
– Мяне клічуць Альгердам. Я – настаўнік касмічнай вучэльні.
– Якой?
– Касмічнай, – больш выразна вымавіў Альгерд. – Я буду аэранаўтам?
– Не. Міжпланетныя караблі цябе не чакаюць, хоць лятаць ты зможаш паўсюль.
– Як яны? – кіўком галавы Кастусь паказаў на акно.
– І як яны таксама. – Дзе я? У якой краіне?
– Ты ў Самбале, мясціне вышэйшага чалавецтва і правідэнцыйных сілаў.
– Я не ведаю такой.
– На Зямлі яна вядомая толькі некаторым. – Як я сюды трапіў?
– Я цябе забраў.
– Навошта?
– Каб выхаваць і навучыць. – Чаму?
– Нашай навуцы.
– А як