Вольны птах. Раман. Мікола АдамЧитать онлайн книгу.
я ў трубку, але, па-мойму, выйшла так, быццам злодзей вырашыў адказаць на тэлефанаванне, што знянацку перашкодзіла яго прафесійнай дзейнасці ў якой-небудзь заможнай кватэры.
– Я ведала, што гэта будзеш ты, – агаломшыў мяне Насцін голас. Тое, што яна пазнала мой голас, не здзівіла. Ён пазнавальны адразу, хоць менавіта з-за яго я не паступіў вучыцца на актора. Таксама парадокс, пазнавальны голас, які, аднак не падыходзіў пад стандарты акторскіх галасоў у прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў. Безэмацыйны, безжыццёвы, манатонны, мёртвы. Гэтымі чатырма словамі забілі маю мару стаць акторам на ўступных іспытах у тэатральную вну. Ім там, вядома, лепш бачна ці чутна збоку, не біцца ж было з імі. Таму я паступіў вучыцца на паэта, як Шукшын. З тым адрозненнем, што той прыехаў якраз мэтанакіравана з Алтая ў Маскву вучыцца на паэта, але паступіў у выніку на рэжысёра. – Не спіш? – як нічога ніякага запытала дзяўчына.
– Так, – пацвердзіў я. – А ты?
Што за бязглуздае пытанне? Відаць, з-за разгубленасці, і нечаканасці, і неверагоднасці…
– Як бачыш, – адказала Насця. – Ці, лепш, як чуеш, – удакладніла.
– Нешта здарылася? – задаваў я дурацкія пытанні.
– Не, – адгукалася дзяўчына, – проста раптам захацелася пачуць твой голас, пачуць цябе, – прызналася. – Мо засну пасля. Скажы што-небудзь харошае, – папрасіла.
Голас яе быў ці здаваўся стомленым. Быццам яна адпрацавала дзве змены запар на цагельні ў гарачым цэху.
– З табой дакладна ўсё добра? – непакоіўся я.
– Цяпер добра, – з выдыхам адказала Насця. – Калі ты побач хаця б голасам. Абдымі мяне ім.
І я пачаў чытаць ёй верш, толькі што запісаны ў бальнічны журнал:
Вечар,
Не забудзь пра плечы,
Што я параўнаў з шаўковай гладдзю белізны.
Плечы,
Масянжовы вечар,
Маёй мілай пані добрай ласкай атулі.
Ветрам,
Стомленым паэтам,
Зазірне ў вокны па табе мой неспакой.
Стомленым паэтам
Ветла
Вецер узгадае ў вокнах голас мой.
Шпажнаю
Хадой адважнай
Дождж прадэкламуе вершамі радкі.
Быццам
Бы апалым лісцем
Яны дакрануцца да тваёй шчакі.
Проста
Зразумеў я штосьці
У квадраце тыдняў, у акружнасці начы…
Восень.
У гадзінаў восем
Раніцы халоднай ты мяне прысні.
Пасля непрацяглай паўзы Насця прамовіла:
– Прыгожа. Праўда, плячэй маіх ты не бачыў яшчэ, хоць параўнанне слушнае.
– Я верш гэты напісаў перад самым тваім званком, – паспяшаўся пахваліцца.
– Малайчына, – адгукнулася Насця. – Калі пабачыш сапраўды мае плечы, напішаш штосьці больш праўдзівае.
– Табе не спадабалася? – ніякавеў я.
– Не,