Дараванне. Коллектив авторовЧитать онлайн книгу.
анне, уступныя артыкулы, 2023
© ТДА «Аверсэв», 2023
Ці вернецца аповесць?
Проза, як увогуле літаратура, шукае сябе і ў новых жанрах. А мабыць, проста парушае межы традыцыйных жанраў – рамана, аповесці, апавядання, – спрабуе разбурыць традыцыю, каб дасягнуць новых уяўных вышынь…
У 2022 годзе часопіс «Полымя», некалі галоўны заканадаўца ўсіх літаратурна-мастацкіх змен, надрукаваў у раздзеле «Проза» 32 творы (прадстаўлены 21 аўтар). Сярод іх – 3 раманы, 3 аповесці, 22 апавяданні, а таксама «словы пра самога сябе» – такое жанравае вызначэнне ў тэксту Адама Глобуса «Аўтапартрэт з усмешкай», «запісы» – гэта твор «Мой тэлеграм-канал» Георгія Марчука, проза Вітаўта Чаропкі з цыкла «Запісная кніжыца жыцця» – «Мой 2019 год» і «жыццёвінкі» Васіля Ткачова пад назвай «Добра там, дзе мы ёсць»…
Такая вытворча-мастацкая «статыстыка» даволі красамоўна сведчыць, нават пераконвае: з прозай адбываецца нешта асаблівае… Можа, яна не мігрыруе ў іншыя жанры, а зусім памірае, страціўшы цікавасць да сваіх традыцыйных формаў адлюстравання жыцця, стварэння яго мастацкага «фотаздымка»? Смерці прозы, хочацца верыць, ніхто з аўтараў не жадае. Але час пакажа… Абнадзейвае тое, што мы і сёння маем магчымасць прачытаць новыя творы ў традыцыйным жанры аповесці. У часопісе з аповесцямі выступілі Генадзь Аўласенка («Адплата. Амаль дэтэктыўная аповесць у двух эпізодах»), Віктар Казько (у снежаньскім нумары надрукаваны пачатак аповесці «Высакосны год»), Яўген Хвалей («Пяць бэзавых пялёсткаў шчасця, або Пандэмія ў Слупцах»). Мяркую, у партфелі часопіса «Полымя» захоўваецца яшчэ не адзін твор у жанры аповесці. А надрукавана, будзем спадзявацца, найлепшае…
Зразумела, немагчыма ўсур’ёз разважаць пра жанравыя зацікаўленні сучасных беларускіх празаікаў, разглядаючы выключна «Полымя» за 2022 год. Навошта тады згадка пра тое, што аповесцей мала, што аповесць як жанр, пэўна, пераходзіць у іншы фармат? Існуе меркаванне, што творцаў сілкуе мастацкая і грамадзянская свабода, адсутнасць цэнзуры, аднак, не аспрэчваючы гэтага, скажу, што літаратура развіваецца ў любых умовах. А найперш развіццю літаратуры спрыяе нараджэнне талентаў, якія прыходзяць са сваім натхненнем, сваёй геніяльнай празорлівасцю ў асэнсаванні жыцця і прадбачанні будучыні. І яшчэ – справа ў атмасферы вакол творцаў… Пісьменнік усё ж павінен адчуваць, што яго твор стане прадметам чытацкай увагі, што пра яго працу будуць гаварыць крытыкі, што яго адзначаць, заўважаць…
Гавару з некаторай верай, што аповесць павінна адрадзіцца. Сёння вельмі патрэбны такія выданні: каб сабраць творы ўжо вядомыя, падкрэсліць, што яны не забыты, не засталіся толькі ў недаўгавечнай перыёдыцы або аўтарскіх кнігах, выдадзеных, звычайна, невялікімі накладамі. Сучасная проза павінна быць вядомай не толькі крытыкам і літаратуразнаўцам, якія робяць агляд літаратурна-мастацкага працэсу на старонках манаграфічных даследаванняў, – неабходна, каб яна дайшла да масавага чытача.
Прапанаваныя ў зборніку аповесці, за выключэннем твора Анатоля Бензярука, выйшлі ў свет на працягу апошніх 10–15 гадоў. Не буду выказваць уласныя сімпатыі да гэтых твораў. Але мой выбар як укладальніка, зразумела, грунтаваўся на асабістых уражаннях ад прачытанага, якія прайшлі ўжо выпрабаванне часам.
Шаноўны чытач, я ўпэўнены, сам разбярэцца ў вартасцях гэтых твораў. А выдаўцам – паклон за іх жаданне весці дыялог з чытачом на сучаснай мове, у сістэме сучасных мастацкіх каардынат, не хапаючыся за «вечна жывую» класіку. Магчыма, такі падыход якраз і паспрыяе вяртанню жанру аповесці ў шырокі кантэкст сучаснага культурнага жыцця…
Алена Брава
У беларусаў была і застаецца выдатная літаратура пра Вялікую Айчынную вайну. Але гэта ў большай ступені літаратура франтавікоў, партызан (Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Тарас Хадкевіч, Алесь Савіцкі, Алесь Адамовіч, Янка Брыль), а яшчэ – дзяцей вайны (Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Мікалай Чаргінец). А што датычыць маладзейшых пісьменнікаў, якія адважыліся напісаць пра Вялікую Айчынную вайну ўжо ў XXІ стагоддзі, – іх не так і многа. Сярод іх – Алена Брава з аповесцю «Дараванне».
Упершыню аповесць была апублікавана ў часопісе «Маладосць» у 2011 годзе. Пераклад на рускую мову, які выйшаў у часопісе «Сибирские огни», трапіў у доўгі спіс агульнарасійскай літаратурнай прэміі «Ясная поляна» за 2011 год. А ў 2013 годзе ў выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга на трох мовах (беларускай, рускай і нямецкай) тыражом 1418 экзэмпляраў (столькі дзён доўжылася Вялікая Айчынная вайна).
У аповесці даследуецца феномен памяці – гістарычнай, асабістай. У анатацыі да аднаго з выданняў «Даравання» гаворыцца наступнае: «Старажытнагрэчаскае слова “алетэйя” (“ісціна”) літаральна азначае “адсутнасць забыцця”. Страціўшы памяць, непазбежна губляеш ісціну». Сярод звычайных людзей: Ральфа, Лады, Светы, – якія думаюць пра што заўгодна, толькі не пра мінулую вайну, парадаксальным чынам толькі хворы Ганс застаецца чалавекам, якому ўласціва «ісціна як адсутнасць забыцця». У сваёй свядомасці ён упарта намагаецца