Эротические рассказы

Белая муха, забойца мужчын. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.

Белая муха, забойца мужчын - Альгерд Бахарэвiч


Скачать книгу
думала пра яго зь нейкім прыдыханьнем, бо думкі, як вядома, таксама ўмеюць дыхаць – і пакідаць запацелымі вочы таго, хто наважваецца іх думаць. Кожная мысьль матэрыяльная, не стамлялася паўтараць Галіна Вітольдаўна сваім падначаленым, а значыць, усё, што вы падумалі, пакідае дзесьці свой сьлізкі сьлед. А выціраць – нам. І калі нейкая непісьменная маладая курыца… нейкая стрыжаная недавучка… нейкая прышчавая школьніца лічыць, што яна мае права пісаць пра Замак што захоча, што яна мае права мець пра Замак нейкія ўражаньні, усяго толькі і зрабіўшы ў жыцьці, што выпіўшы кавы ў замкавым бістро – дык Галіна Вітольдаўна лічыла сваім абавязкам супрацьстаяць гэтаму.

      Для таго яе тут і паставілі – супрацьстаяць і абараняць.

      Гэты дэвіз Галіна Вітольдаўна Бабец напісала б на сваім фамільным гербе, калі б ён у яе быў. Але гербу ў яе не было. Быў стол, на якім тырчаў нягнуткі, нягеглы сьцяжок, побач са сьцяжком паблісквала шкляная мадэль сярэднявечнага замка, падарунак калег з Аўстрыі. А над сталом вісеў партрэт прыгожага вусатага мужчыны, дзяржаўнага мужа. Вісеў і глядзеў у кампутар, на экране якога аднойчы…

      Так, у той дзень Галіна Вітольдаўна з раніцы сядзела і злавалася, пазіраючы на кубак з толькі што запаранай гарбатай, тот самый чай, на паверхні белая выспачка пены – быццам хто плюнуў. Журналістачкі. Крыўда дырэктаркі была яшчэ сьвежая, як тынк на сьценах. Адна сталічная штучка – хітрая погань, прыкінулася звычайнай турысткай – прабеглася тут нядаўна, нарабіла здымкаў і напісала пра Замак такое, што валасы на галаве ўсталі дуба. Галіна Вітольдаўна не адразу паверыла, што гэта здымалі ў яе Замку. Гэтая, прасьціце за выражэніе, журналістка зьляпіла нейкі паскудны пасквіль, яе, бачыце, не зацікавілі ні калекцыя зброі, ні мэбля, якой, між іншым, дзьвесьце гадоў, ні партрэты, кожны зь якіх абышоўся міністэрству культуры ў круглую суму. На фота былі толькі нейкія вуглы, шпалеры, унітазы, скуластыя твары супрацоўніц, скамечаныя пакеты… А подпісы якія пахабныя. Калі ўсё гэта зьявілася на сьвет божы, Галіна Вітольдаўна знайшла ў сеціве выяву гора-журналісткі, загадала раздрукаваць і раздаць усім супрацоўнікам. Пры апазнаньні – затрымаць. Дырэктарка патэлефанавала ў газэту, ёй сказалі, што тая дзевачка – звычайны фрылансэр.

      «Я так і думала, – горка і зларадна пасьміхнулася Галіна Вітольдаўна. – Што і трэба было даказаць. Правяралі б, каго бераце на работу».

      Карэспандэнтка больш не паказвалася, але наведнікаў хапала. Усім хацелася пабачыць велічны старажытны Замак, які атрымаў новае жыцьцё. Але як дырэктарка Галіна Вітольдаўна Бабец была ня надта гэтым задаволеная. Ёй патрэбныя былі не галадранцы нейкія, хай бы і са сталіцы, а сапраўдныя замежныя турысты. Менавіта іх чакала рэстарацыя «Пан або прапаў», крама сувэніраў, менавіта па іх душу стаяў сумны фатограф каля разьвешаных у фае старасьвецкіх строяў, менавіта ім быў адведзены пакой для віпаў у левым крыле, які можна было зьняць на суткі за суму, эквівалентную гадавому заробку Галіны Вітольдаўны.

      Але людзі з далёкіх замежжаў ня надта рваліся


Скачать книгу
Яндекс.Метрика