Белая муха, забойца мужчын. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
сіняе, звонкае, бы напятае, і ўзьбітыя на яго ўзорчатыя ўзгоркі, і ўзгадкі, быццам ты тут ужо бываў некалі, у мінулым жыцьці.
«Привидения? Не забегайте вперед, вам все расскажут и покажут», – нэрвова сказала жанчына з турбюро, узіраючыся ў неспакойнае неба над замкам.
«Не хотите говорить, как зовут, буду вас Почемучкой называть», – махнуў рукой бляндын і сеў на сваё месца, драпежна выставіўшы падабродзьдзе. «Что за девушки пошли, бабочки им не нравятся, – зьвярнуўся ён да мяне. – А кто нравится? Мухи? Ничо. Все равно поймаем и определим, куда надо, в замке темных закоулков на всех хватит, скажи, Почемучка?» – і ён падміргнуў мне: як мужчына мужчыну. І я чамусьці падміргнуў яму ў адказ. Як мужчына му.
«Прывідзенія… – зноў накінуўся на аўстрыяка чалавек у акулярах, які ўважліва сачыў за размовай. – Усе вушы прагудзелі гэтай Ганнай. Вось у Баварыі я разумею – прывіды. Я быў, я бачыў. Вось, скажам, Нойшвайнштайн. А тут панавыдумляюць… Прывідзенія. Усіх прывідаў даўно бальшавікі да сьценкі паставілі. І Ганну гэтую вашую… Вось у Аўстрыі – вось там прывіды. А ў нас? Мазгі тлумяць беларусам. Каб толькі грошы плацілі ні за што. Турбюро… Не, ну скажыце ім, як еўрапеец? Вам, пэўне, гэта ўсё сьмешна, хаха».
І ён фальшыва засьмяяўся, тыцнуўшы аўстрыяка ў бок.
«Он же вас не понимает, – ня вытрымала Жанчына ў Зялёным. – Вы ему по-английски хотя бы скажите, а то совсем утомили человека».
Чалавек у акулярах пагрозьліва абярнуўся ў яе бок: «А вы мне рот не затыкайце! Я на сваёй зямлі і заўжды і з усімі размаўляю на роднай мове! А не падабаецца – едзьце ў сваю Маскву! Няма чаго швэндацца па нашых старажытных замках!»
Аўстрыяк закаціў вочы. Яму хацелася, каб гэты дзень як мага хутчэй скончыўся. Навошта яна замовіла яму гэтую экскурсію? Яны яшчэ не даехалі да Замку, а ён ужо стомлены, як пасьля месяца працы ў офісе. Мо яна працуе ў турыстычным агенцтве, яго нявеста? І проста зарабіла на ім? Дый ці можа ён назваць яе нявестай? Тут нікому нельга верыць. А сусед працягваў: незнаёмыя, хуткія, няўлоўныя, крыўдлівыя словы.
«У чалавека мова, як і маці, адна! – павучальна і строга сказаў чалавек у акулярах. – Вось так, спадарыня. Шкада, што ня ўсе гэта разумеюць! Іншых моваў нам ня трэба! Вас ніхто па-беларуску размаўляць не застаўляе! І вабшчэ: можа, ён так нашу мову вывучыць. А што?»
Тут ужо бляндын ня вытрымаў і зарагатаў, дакрануўшыся да пляча дзяўчыны ў белай сукенцы: «Представляю себе: белорусскомовный австриец! Бульба, драник, данкешон!»
Усьміхнуўся нават адстаўны вайсковец, патузаў вусы. І зірнуў употай у водсьвет на тэлефоне, заклапочана, нецярпліва.
Ніхто, апрача мяне, тады гэтага не заўважыў. А я добра запомніў ягоныя вочы: у кожным па пляне, вялікім пляне, якія трэба абавязкова зьдзейсьніць.
Ня толькі ў аўтобусе, але і ва ўсёй краіне ніхто ня ведаў, што адстаўнік працаваў на адну вельмі важную фірму ў суседняй дзяржаве. Можна сказаць, што і на саму суседнюю дзяржаву – але можна і не казаць, здаравейшы будзеш. Праца была непрыкметная, але дужа сур’ёзная. Роўна а другой у Замак