Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
было ад каго. Сьвет каціўся да вайны, як пусты інвалідны вазок. У суседняй Нямеччыне зусім нядаўна на ўсю моц палалі кнігі, а над папялішчамі дагэтуль стаяла рэха маладых звонкіх галасоў, якія ўрачыста паўтаралі свае заклёны на самай «культурнай» мове сьвету: «…Супраць дэкадансу і маральнага распаду! За традыцыі і парадак у сям’і і дзяржаве! Я аддаю агню сачыненьні Гайнрыха Мана, Гайнрыха Глезэра і Эрыха Кестнэра! Супраць фальшаваньня нашай гісторыі і пагарды да яе найвялікшых асобаў, за пашану да нашага мінулага! Я аддаю агню сачыненьні Эміля Людвіга і Вэрнэра Хэгемана! / Супраць літаратурнай здрады салдатам сусьветнай вайны, за выхаваньне народу ў тым духу, які здольны абараніць яго! Я аддаю агню сачыненьні Рэмарка! Супраць перабольшваньня ролі сэксу, якое псуе душы! За высакароднасьць чалавечай душы! Я аддаю агню сачыненьні Зыгмунда Фройда!..» І так далей. Пра Якуба Коласа тыя маладыя германскія галасы ня згадвалі і кніжак ягоных не палілі. Шкада: цікава было б пачуць фармулёўку. Іншая рэч – што і ад абаронцаў, якія засядалі ў Парыжы, культуру няблага было б чым-небудзь прыкрыць. Хаця б якім-небудзь буржуазным літаратурным вырадкам – для прыстойнасьці і парытэту. Бо кангрэс атрымаўся дзіўнаваты. Левы, як бераг Сэны, у якой забралі ўсе масты. Цікава, на якой мове прамаўляў наш клясык? Па-расейску, вядома, не па-польску ж. Парыж яму ня надта спадабаўся. З усіх краін, якія ён пабачыў па дарозе, больш за ўсё дзядзьку прыглянулася Чэхаславаччына. Абараніўшы культуру, зірнуўшы на Эйфэлеву вежу і купіўшы ў Парыжы фотакамэру, Колас вярнуўся ў Менск, дзе яго чакала эпіграма ад Кандрата Крапівы. Калега сплываў жоўцю – бо па-свойму разумеў ролю кангрэсаў у пісьменьніцкім жыцьці: «Быў я ў Парыжы на кангрэсе, / То ў Загібельцы, браце, лепш – / Грыбоў няма ў Булёнскім лесе, / А ў Сэне хоць бы адзін лешч». Колас ня стаў пярэчыць зайздросьліваму калегу: «Калі агледзіш хвайнякі / І гэты кут пазнаеш бліжай, / Зьбіраючы баравікі, / Дык вывад я зраблю такі: / Мне Загібелька лепш Парыжа».
11. Багдановіч. Амбіцыі. Вэрлен
Калі ж агледзець хвайнякі ў пошуках беларускай клясычнай паэзіі, дык вывад робіцца такі: яна здолела схавацца за сваімі баравікамі ад раньняга эўрапейскага мадэрнізму. Ня ўся, вядома, бо баравікі не дубы, але збольшага апэрацыя “Анты-мадэрн” прайшла пасьпяхова. Мужычкі замаскаваліся як сьлед: іх ніхто не заўважыў.
Але былі выключэньні. Малады і амбітны Максім Багдановіч хавацца ад Эўропы ня стаў, пражыў кароткае і яркае, абсалютна мадэрнісцкае жыцьцё, што само нагадвае прыгожую і трагічную паэму, і ўвайшоў у гісторыю як самы францускі і самы парыскі беларускі паэта. Хоць пабываць у Сталіцы сьвету яму так і не давялося. Але некаторыя ягоныя вершы дзіўным чынам пасуюць Парыжу – быццам ён тут іх і напісаў. Не “Пагоня”, вядома, і не “Страцім-лебедзь”, а іншыя, больш гарадзкія і рафінаваныя. Багдановіч з тых паэтаў, якія нарадзіліся з Парыжам – і так і не змаглі яго зь сябе вырваць. Дый, мабыць, ня надта й хацелі…
Багдановіч мог чытаць французаў