Эротические рассказы

Дзеці Аліндаркі. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.

Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахарэвiч


Скачать книгу
Потым, потым!”

      І вось яны ўжо беглі па ўзгорку, Каця, за ёй бацька, які трымаў за руку Лёччыка, і за імі Лёся, і лес рабіўся ўсё радзейшы, і аднекуль ужо чулася, як працуе трактар. Яны зьбеглі ўніз, пераскокваючы раўчукі і наступаючы на пні, і выскачылі на дарогу. Тут, зарыўшыся тварам у кусты, стаяла машына – нагрэты сонцам легкавік, унутры якога біўся тоўсты авадзень. Адчыненыя дзьверы не зрабілі на яго ніякага ўражаньня. Так яны і рванулі зь месца з аваднём, што насіўся між імі, бы шалёны, і пагналі па лясной дарозе, забраўшы з сабой задуху і ігліцу на лабавым шкле, якая ніяк не хацела абсыпацца, як ні трэсла машыну на купінах і лясным ламаччы.

      Лёччык і Лёся сядзелі на заднім сядзеньні і глядзелі, як за вокнамі скача лес, і Лёччыку здалося, што ён на нейкі момант разгледзеў сетку, якая прамільгнула сярод дрэваў. Гэта быў вялікі лягер. Лягер, у якім цяпер ёсьць дзірка. Роўна такой вышыні, каб прапусьціць скрозь сябе дзіця. І праз гэтую дзірку ў лягеры цяпер маглі адбыцца самыя розныя падзеі.

      Бацька выруліў на шашу, трэсьці перастала – і ён упершыню за гэты час усьміхнуўся. Паглядзеў на іх у люстэрка задняга агляду, але ні Лёччык, ні Лёся не ўсьміхаліся, і бацька зноў зрабіўся сур’ёзны.

      “Не спыніць, не стрымаць… Галодныя? А, Лёччык? – запытаўся ён. – Нічога, хутка мы прыедзем у бясьпечнае месца, а там…”

      “Шкада, мы з табой не падумалі”, – сказала Каця, павярнулася і пагладзіла Лёччыка па галаве. Лёччыку гэта не спадабалася. Быццам гэта яна перад бацькам так выпіналася, жанчына з жоўтымі валасамі і вачыма, якім так і карцела ўцячы зь яе прыгожага твару. Каця дала Лёсі пакет чыпсаў – яны ня сталі іх есьці, так і ехалі: Лёся з пакетам у руцэ, і Лёччык, напружаны, утаропіўшыся ў акно. Там адна за адной праносіліся вёскі, мястэчкі, зноў вёскі – падобныя да выстаўленай на траву старой мэблі, якая чакае, што зараз, адпачыўшы крыху, яе схопяць дужыя рукі і пацягнуць угару па сходах. Там-сям на дарогах сядзелі людзі, расклаўшы проста на ўзбочынах яблыкі, ягады – “Я галодны”, сказаў раптам Лёччык, і бацька ледзь ня скінуў хуткасьць, каб спыніцца ля купкі такіх гандляроў, што тырчалі проста пад сонцам у сваіх брудных панамах.

      “Ты што? – крыкнула Каця, – Нам нельга спыняцца! А ты чыпсаў паеж! Вунь жа чыпсы!”, і іхная машына аддыхалася, зараўла і паляцела далей па шашы.

      Але ўсё роўна было адчуваньне, што яны едуць усё павальней і павальней… Лёччыку нават падавалася, што прыдарожныя гандляры пасьпяваюць зазірнуць яму проста ў вочы. Каця заўважыла гэта і сказала бацьку:

      “Можа, ім на падлогу легчы? Іх жа запомніць могуць, вунь якія вочы ў гэтых, як радары!”

      Бацька прамаўчаў. Лёччык глядзеў на ўсе гэтыя сьлівы, грушы, чарэшні, суніцы, грыбы, якія ніхто не купляў – яны выглядалі так, быццам чакалі разам зь людзьмі на папутку, якая давязе іх да райцэнтру. Калі б я быў за стырном, я ўзяў бы вунь тое вядро, падумаў ён. Зь вішнямі. І пасадзіў бы на Каціна месца. І высадзіў бы вядро там, дзе яно скажа. А можа, і ня высадзіў бы. Адвёз бы ў лес і зьеў. І выкінуў бы пустое вядро ў возера, наклаўшы туды камянёў. І ніхто б


Скачать книгу
Яндекс.Метрика