Дзеці Аліндаркі. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
цікавасьці выслухаў таропкія бацькавы тлумачэньні, палез назад, пачаў размотваць трос. Трактарыст не глядзеў на бацьку, толькі на Кацю, нядобра так паглядаў, насьмешліва, а бацька глядзеў на палец і нічога ня мог з сабой зрабіць. Седзячы на пні, Каця ўтаропілася ў лес, і яму гэта не падабалася. Бацьку хацелася расказаць ёй пра палец. І так і карцела спытаць у трактарыста, як яму жывецца з такім атожылкам на руцэ.
Калі б трактарыст жыў у горадзе, ён мог бы запісацца на апэрацыю. Лішні палец адрэзалі б, на руцэ застаўся б шнар. Але ніхто не глядзеў бы табе на рукі, быццам ты цуд прыроды. Езьдзяць жа і такія трактарысты ў сталіцу. Ходзяць па праспэкце, тоўпяцца на рэчавых рынках, фатаграфуюцца каля помнікаў, заказваюць два па сто і піва ў самых пошлых шынках. Пахнуць недамытай акуратнасьцю. Чаму ён не абрэжа гэты абрубак? Задорага? Баіцца хірургаў? А ты не баішся? А ты лёг бы пад ножык? Адкладае на потым, на заўтра, на канец жыцьця? Ці – ганарыцца ўпотай? Бо трэба ж хаця б чымсьці быць непадобным да іншых? Карцінкай у шкле кабіны: ва ўсіх там бабы голыя, а ў яго – партрэт каратыста з чорным поясам?
А можа, ён ужо наважыўся. І заўтра, колючы дровы, прыме сто грам, закусіць цёплым, намазаным сонцам памідорам, пакладзе палец на бервяно, адвядзе вочы і – усё. Толькі мянушка застанецца.
“Што? – сказаў трактарыст, папляваўшы на далоні. – Панясьлісь?”
Трактарыст закурыў, стоячы на падножцы, трактар запыхкаў, загуў, аб’ехаў машыну, ломячы кусты. На тое, каб падчапіць іх, разьвярнуць і дацягнуць да бліжэйшае вёскі, пайшла цэлая гадзіна. Пра дзяцей, пра тое, як ён і Каця некалькі гадзін блукалі па лесе і, забыўшыся на асьцярожнасьць, сарвалі сабе галасы, пра тое, як заблудзілі і ім самім давялося шукаць машыну, бацька трактарысту нічога не сказаў. І вясковы майстар, які за некалькі хвілін вярнуў іхную зьдзічэлую, запыленую машыну ў прытомнасьць, таксама не выклікаў у бацькі даверу. Ён ужо нікому ня верыў, апрача Каці. А Каця маўчала і хмурыла бровы. Жоўтавалосая, з чорнымі насупленымі бровамі і тонкім носам, яна чагосьці баялася, і гэта было так непадобна на ўчорашні вечар, калі яны апошні раз абмяркоўвалі ўсе падрабязнасьці і магчымыя пасткі, і на раніцу, калі яны выехалі з гораду, халодныя і ўпэўненыя, як жалеза. І на ноч, калі Каця была такой пяшчотнай, як ніколі. Ён сьціснуў зубы, каб не даваць волю сьлязам. Каця моўчкі заплаціла майстру і трактарысту, і яны зноў выехалі на шашу, якая зьдзекліва павітала іх ужо знаёмымі знакамі і ўказальнікамі.
“Колькі ты ім дала?”
“Якая розьніца”.
Да хутару, схаванага ў балотах і не пазначанага ні на воднай мапе, куды ён зьбіраўся прывезьці дзяцей, адсюль і праўда заставалася кілямэтраў пад дзевяноста. Але хутар на сёньня адмяняўся – які быў сэнс туды ехаць: бязь Лёччыка, бязь Лёсі, без таго, дзеля чаго яму хацелася дзейнічаць, жыць, змагацца. Блуканьне ў лесе змарыла іх з Кацяй так, што яны пачалі засынаць, добра яшчэ, што ў яго неўпрыкмет абгарэла шыя, і ён ня мог дакрануцца ёй да сядзеньня.
За вокнамі цямнела. Дзень зрабіўся карацейшы. У гэты час плянавалася ня толькі даўно быць на хутары, але і