Праклятыя госці сталіцы. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
некалькіх. Я даўно думаю пра тое, што пры апісаньні якога-кольвечы чалавека няма патрэбы карыстацца грувасткімі й састарэлымі прыметнікамі. Дастаткова сказаць: “Ён быў падобны да…” і ўсім адразу ўсё стане зразумела. Чалавек паўстане перад намі як жывы. У адной маёй сяброўкі быў пудзель, у профіль поўная копія Сяргея Ясеніна. Праўда, сьпераду ён больш выдаваў на вядомага кожнаму верніку тутэйшага мітрапаліта, а ззаду нагадваў кампазытара Івана Хруля. Сама сяброўка была падобная да Антоніё Бандэраса і, адпаведна, лічылася рэдкай прыгажуняй.
Назара Мінуса ў ягоныя дваццаць два было не адрозьніць ад Энтані Хопкінса ў зэніце славы. Зрэшты, пра гэта ведаю толькі я.
15
Ён дажыў да заканчэньня школы нібы ў сьне: матэматыка, што выглядала кашчунствам між дзікай тутэйшай неабсяжнасьці, таропкі ананізм у сваёй каморцы пасьля заняткаў, пакуль усе на працы, экскурсіі ў суседні горад, практыка на чыгунцы. Выбухам васямнаццацігодзьдзя Назара адкінула на два халодныя гады за пару тысячаў кілямэтраў на ўсход. Выдрэсыраваны школай, ён неяк перажыў гэты вар’яцкі час і ягоны гідкі гумар. Вяртаньне дахаты прынесла навіны: цяпер бацька жыў праз вуліцу зь юнай карэспандэнткай “Кулумчанскага чыгуначніка”, а маці зь цёткай пілі па начах чырвонае спэцыяльнае. Малады начальнік жэку па тэлефоне павіншаваў Назара з дваццаць першым годам жыцьця – знаёмы ад пачатку сьвету голас паведаміў з ганарлівасьцю, што цяпер ён ні хто іншы, як дэпутат гарсавету. Маці плакала. Назараў бацька зашпільваўся на ўсе гузікі й крычаў пра таталітарызм. Даша Мірзабекава выйшла замуж за начальніка станцыі. Назар плюнуў і зьехаў у сталіцу імпэрыі вучыцца.
“Вось, паглядзі, – кінулі яму аднойчы праз плячо ў інтэрнацкім калідоры. – Там сёньня тваю радзіму, блін, другі раз паказваюць”. Назар тэлевізар глядзеў рэдка, газэтаў не чытаў, аднак ведаў, што цяпер ягоная радзіма не радзіма ўжо, а Рэспубліка Радзіма, і зь вялікімі літарамі ўсім даводзілася лічыцца. На факультэце гаварылі пра разгул нацыяналізму й мянялі камсамольскія значкі на праваслаўныя крыжы; на вуліцах сталіцы яшчэ нядаўна стралялі, пад вокнамі жаночай часткі інтэрнату штораніцы зьяўляўся мужык у паліто, накінутым на голае цела – ён распахваў крысьсё й гучна сьмяяўся, а калі яго спрабавалі спаймаць, мужык бег у парк і пакрыўджана крычаў: “Не чапайце мяне, я сэксуальная меншасьць!”. Назар падыйшоў да тэлевізара, прысеў на кукішкі. На экране грукаталі танкі, біліся ў гістэрыцы сьцягі, нехта няўлоўна знаёмы ў залатой фуражцы велічна ўздымаў руку, а за ягонай сьпінай смутна ўгадваліся абрысы кавярні “Вавёрачка”. “Скажы што-небудзь па-бумску”, – хіхікнуў з кута сакурсьнік у есаульскай форме. Чалавек на экране цяпер размаўляў з народам, голас ягоны саграваў сэрца й вяртаў туды, у незабруджаную загадкамі самоту, у адзінае месца ў сусьвеце, дзе Назар быў самім сабой. Ад таго самага практыканта жэку ў чалавеку ў фуражцы засталіся хіба вочы – кожны раз, калі начальнік Радзімы казаў зь вялікай літары, яны наліваліся праўдай