Эротические рассказы

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч


Скачать книгу
магло ж ад яго нічога не застацца. Ёй раптам стала ясна, што ніякага пляну ў Данілы пакуль што няма, яна зразумела, штó ён робіць там, у двары, замершы ля сьметніку, ёй і самой часам карцела зрабіць гэта – стаць там, агледзецца, чакаючы, што знаходжаньне ў гэтым месцы само па сабе нешта падкажа. Але яна ведала, што падказак там ніякіх не было. І ёй не хацелася, каб суседзі бачылі такую бясьсільнасьць, бо што гэта, калі не бясьсільнасьць – прыходзіць на месца зьнікненьня і бязмэтна стаяць там; гэта тое самае, што наведваць пустую магілу. Ёй не хацелася шкадаваньня. Ёй хацелася гаварыць пра Сіманенку – гаварыць доўга, падрабязна, злосна, і чуць, як пра яго гавораць іншыя.

      Ну што, што ён мог там убачыць? Ён пераступае з нагі на нагу, ён закурвае, ён думае, што ніхто не зьвяртае на яго ўвагі. Ён падобны да яшчэ не зусім зламанага лёсам бадзягі, які чакае зручнага моманту, каб пакорпацца ў сьметніцы. Даніла абводзіў вачыма навакольле, але навакольля не існавала – двор быў заціснуты між чатырох дамоў, паміж якімі былі вузкія заасфальтаваныя праходы. Палову двара займала дзіцячая пляцоўка, на якой дзяцей трэба было прымушаць гуляць – там рэдка хто лазіў, бо і лазіць асабліва не было па чым. Пэнсіянэры вадзілі ўнукаў да школы, дзе магчымасьцяў зламаць сабе шыю было непараўнальна больш. Потым быў лапік зямлі са штангамі ў выглядзе літары «т», на якіх калісьці, а раз-пораз і цяпер выбівалі дываны і сушылі рэчы, якіх не шкада – Сафія зрэдку думала пра тое, што была б яна дзіцём, гуляла б тут у Дастаеўскага. За імі быў абгрызены дажджамі і часам ходнік, на выступе якога і стаялі тыя кантэйнэры для сьмецьця, потым шэры, залатаны асфальт, па якім езьдзілі машыны і часам праходзілі, пазяхаючы, маладыя паліцэйскія, трое, часам двое, курачы, ліжучы марозіва, паглядваючы на бальконы ў пошуку млявых васьміклясьніц? Потым зноў ходнік, і – пад’езды… Іхныя норы, якія лепш было не пакідаць на доўгі час без гаспадароў. Таму народ бегаў, сьпяшаўся, злуючыся на тых, хто загароджваў выхады з гэтага двара. Налева пойдзеш – выйдзеш да крамы, банку, мэтро. Гэта – найшырэйшы выхад, гэта выезд, гэта тут ляжала тая жанчына, якую Сафія ўратавала, выклікаўшы сабе хуткую. Направа – выхад да крамы, аптэкі, школы. Пойдзеш праз пляцоўку – абагнеш супрацьлеглы дом і выйдзеш да гаражоў, каналу, вайсковай часткі. А абагнеш іхны дом – трапіш да іншага, паміж імі – засаджаная дрэвамі, закіданая недапалкамі і падзеленая крыж-накрыж пратаптанымі сьцежкамі палоска травы, у якой крыва, нібыта бясформенны мэтэарыт, што ўпаў зь неба, тырчыць трансфарматарная будка. Па траве паўзе цень. Туды выходзіць іхны балькон. А акно кухні выходзіць у двор, у звычайны двор, ад якога нельга было чакаць ні сюрпрызаў, ні падказак, ні падступнасьці. Толькі вось у той дзень, калі ён праглынуў Сіманенку, двор чамусьці быў пусты, як быццам кожны жыхар гэтых чатырох дамоў ведаў, што нельга ў гэты час, сьпякотны, ачмурэлы час, выходзіць, і нельга глядзець у акно, трэба адвярнуцца, бо ў двара – раз на год, раз на вечнасьць – узьнікла ягоная, дваровая патрэба, патрэба ў маленькім ахвярапрынашэньні, гэта не працягнецца доўга, толькі адвярніцеся на сэкунду, не выглядвайце з вокнаў, станьце


Скачать книгу
Яндекс.Метрика