Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
яго; але ўпэўненасьці ў яго вачах ужо не было. – Паглядзі, які тлушч, ажно сьвеціцца! Ды я чую, як яно рохкае…»
Яна схавала мяса ў лядоўню, а праз два дні дастала і паклала ў місу, каб размарозіць. Але назаўтра (яна й забылася) яны абедалі ў бацькоў Сіманенкі, на наступны дзень Сіманенка раптам заехаў па яе а дванаццатай і запрасіў у рэстарацыю, што было для яе поўным сюрпрызам – яна так і не даведалася, зь якой нагоды яны патрацілі там столькі грошай. Раніцай у яе балела галава, да самага вечара – і Сіманенка варыў сабе пяльмені. Часам Сафія кідала на даўно разьмяклае мяса задуменны позірк, але бацькі Сіманенкі, рэстарацыя, мігрэнь – усё гэта абудзіла ў ёй такую ляноту, што яна адразу ж забывала, што хацела зрабіць. Так яны й дацягнулі да выходных. «Бедны зьвер, мы так і не даведаліся, хто ты, – сказала Сафія, нажом ссоўваючы парэзанае мяса ў сьметніцу. – Вось і скажы мне, дзеля чаго ты загінуў?» Яна ўручыла завязаны пакет Сіманенку, які, гучна ляпаючы тапкамі, патупаў да дзьвярэй, падсунуў да іх свой чаравік, каб не зачыняліся. Успацелая Сафія ў атачэньні раскладзеных вакол строгіх рыб зірнула ў акно кухні. Двор быў пусты і ціхі, як сцэна. Потым там зьявіўся сумны Сіманенка ў тапках, шаркатлівай хадой падышоў да сьметніка і апусьціў туды пакет. Воплескі. Скразьняк. Муж рушыў назад праз двор, узьняў галаву, убачыў Сафію і млява пасьміхнуўся. Яна памахала яму з акна рукой і адвярнулася да сваіх рыбаў. Больш яна яго ніколі ня бачыла.
Больш за ўсё – нават больш за раптоўнае зьнікненьне мужа – Сафію спалохала яе ўласная рэакцыя на гэтую падзею. Яна нічога не прадпрыняла. Прайшла гадзіна; яна дагатавала рыбу, час ад часу вызіраючы ў двор і чамусьці шторазу натыкаючыся позіркам на знаёмы пакет, які яна толькі што завязала і які ляжаў на самым версе сьметніцы, выставіўшы на сонца свой бліскучы хвосьцік. Скразьняк станавіўся ўсё больш адчувальны. Сафія выключыла газ і працерла пліту. Сафія прычыніла дзьверы й наведала прыбіральню. Сафія бразнула акном, якое звычайна мог зачыніць адно Сіманенка, бо толькі ён ведаў, у які момант і ў якім месцы акну патрэбны, як ён казаў, «асаблівы падыход». Сафія пагартала часопіс і кінула яго на канапу. Міма. Яна нахілілася, каб падняць, і моцна ўдарылася патыліцай аб стол, калі падымалася. За гэта часопіс мусіў забіць ёй муху. Сафія пракралася ў кухню, замерла і каршаком кінулася на сьцяну, распласталася на ёй, малоцячы па шпалерах. Хлапкі прагучалі жаласьліва і так непераканаўча, нібы нехта даверыў немаўляці выбіць у двары самы вялікі дыван. Смачна пахла смажанай рыбай. Яна павячэрала безь Сіманенкі, асьцярожна раздумваючы, куды б ён мог падзецца. Прылегла на канапу безь Сіманенкі, на двары безь Сіманенкі пачало цямнець. Кватэра безь Сіманенкі здавалася ёй чужой; нібыта яна выконвала тут увесь дзень загады невядомых гаспадароў, гатавала, прыбірала, прала, а зараз мусіла забраць ганарар у капэрце, пакінуць на стале ключы і паехаць дадому.
Вядома, тэарэтычна Сіманенка мог кагосьці сустрэць ля пад’езду і кудысьці з гэтым кімсьці пайсьці. Падняцца да суседа, выправіцца