Эротические рассказы

Радзіва «Прудок». Андрусь ГорватЧитать онлайн книгу.

Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват


Скачать книгу
адна Ева. Сёння не захацеў ісці на працу. Я кажу:

      – Іосіфаўна, у мяне тэмпература трыццаць восем, як у Турцыі. А яна мне:

      – Ну і мужыкі пайшлі! З тэмпературай трыццаць восем не могуць выйсці на працу!

      Бляха, ну і аканомкі пайшлі! Усё, мне не сорамна за гэты падман пра тэмпературу. І гэта не завод – гэта тэатр, дзе тонкая душэўная арганізацыя ёсць нават у швабры.

      Манастырская дырэктарка на просьбу не выходзіць сёння адказала:

      – Задзёўб ужо, Андрушка.

      Усіх я задзёўб.

* * *

      Ева расчулілася ад лаванды. Цікава, як яна адрэагуе на тое, што з раніцы я дворнік і корпаюся ў смецці? Дзяўчаты, як вы рэагуеце на тое, што вашыя хлопцы корпаюцца ў смецці?

      Чэрвень

* * *

      Мне падабаецца штодня мыць галаву не дома, а ў Купалаўскім тэатры. Я нашу ў заплечніку шампунь і пасля прыбірання тэрыторыі мыю валасы ў сваім цесным пакойчыку над рукамыйнікам. Гэтая дробязь надае ўсяму майму жыццю пах бясконцых вандровак. Потым хаваю мокрыя валасы пад капялюш, і, пакуль даязджаю да манастыра, яны высыхаюць. А ў манастыры слухаю Лявона Вольскага і назіраю, як манашка ў навушніках робіць мантаж фільма пра бацюшку. Простыя словы. Простыя зʼявы.

      Сказаў Еве, што я дворнік. Яна зноў расчулілася.

* * *

      Не, адназначна, у мяне ў галаве каша. Тэатр, манастыр, Ева…

      На днях паеду ў Каленкавічы, потым у Польшчу. Буду глядзець у акно цягніка і думаць сваю кашу.

* * *

      Каленкавічы – гэта вялікая вёска. Пад ліхтаром у цемры сумуюць без працы дзве прастытуткі – сапраўдныя, у парыках і з вялікімі грудзямі. Як у фільмах Альмадовара. Побач двое міліцыянтаў шукаюць мінакоў без флікераў. Знайшлі мяне, узрадаваліся.

      Знайшлі б лепей прастытутак – усім было б добра. Там ужо і флікер няма куды чапляць.

* * *

      Як жа я блізенька да таго месца, дзе прывязаны да гэтай планеты! Сэрца енчыць: «Едзь у Прудок! Едзь у дзедаву хату!».

      У 1931 годзе майго прадзеда Андрэя з сям’ёй саслалі на руднікі. Праз два гады ён збег і вярнуўся назад. Яго хату ўжо прыстасавалі пад сельскую школу, таму ён тры гады бадзяўся па суседзях. Бадзяўся-бадзяўся, яго ізноў саслалі. Болей ён не вярнуўся. Памёр няведама дзе і калі. Аднак у Прудок вярнуўся мой дзед і пабудаваў там хату. Сёння яна паціху разбураецца. А што, калі…

* * *

      – Алё, прывет. Мама, дай што скажу.

      – Грошы скончыліся?

      – Не. А хто жыве ў дзедавай хаце?

      – У якой хаце? У Прудку?

      – Ага.

      – Нашто табе?

      – Ай, проста скажы.

      – Табе ўжо тая хата трэба!

      – Ну, проста скажы, жыве хто ці не.

      – Што ты ўжо прыдумаў, а? Сядзі ў Мінску і не дуры галаву.

      – А хата тая яшчэ хоць стаіць?

* * *

      Даслаў эсэмэску Еве: «Я ў Прудку. Тут лес маўчыць. Сяджу пад ігрушай, гляджу на расу ў павуцінні».

      Ева зноў расчулілася.

* * *

      Гэта ўжо не той двор, якім я яго запомніў. Ён зарос смеццем, акацыяй і дзікімі слівамі. Студня ўвалілася, і вада схавалася пад тоўстым слоем гнілых дошак. Зніклі прыбудовы. Няма лазні, куратніка, няма хлява і дрывотні.

      Болей


Скачать книгу
Яндекс.Метрика