Сонечны чалавек (зборнік). Андрэй ДзічэнкаЧитать онлайн книгу.
клубы пылу. Не крычалі адно на аднаго і не спісвалі ні парты, ні дошку рэвалюцыйнымі прамовамі на тэму полавых вычварэнняў.
Клас нагадваў закінуты будыйскі храм будучыні, дзе манахамі раптам сталі вучоныя людзі. А паслушнікі – самымі дысцыплінаванымі курсантамі вучылішчаў ваеннага тыпу.
Уваходныя дзверы адчыніліся, і ў клас увайшоў Настаўнік. Ніхто з дзяцей не ўзняўся. Усе толькі моўчкі сачылі за гэтым высокім, атлетычна складзеным мужчынам, якому вельмі пасавалі восеньскія паліто і дзіўныя капелюшы з шырокімі палямі.
– Добры дзень, мае дарагія вучні!
Пачуўшы ў адказ сказанае хорам «добры дзень», Настаўнік адсунуў крэсла і сеў за стол.
– Такім чынам, мае незвычайныя дзеці, пералічваць вас няма сэнсу. Вас тут сямёра, як заўсёды. І сёння ў мяне для вас надзвычай асаблівае заданне…
Настаўнік казаў голасам вельмі сур'ёзным, нібыта ў наступную хвіліну адправіць ўсіх сваіх слухачоў на верную смерць. Зрэшты, яны б пайшлі і на гэта, бо былі асаблівымі і зусім не ведалі, што такое самазахаванне і для чаго патрэбна жыццё чалавеку.
– Сёння кожны з вашай сямёркі, мае маленькія сябры, павінен будзе расказаць…
– Што такое Еўропа! – перапыніла Настаўніка бялявая дзяўчынка Алеся. Яна ўмела чытаць думкі, а таму часта размаўляла ўрыўкамі не зразумелых ёй сказаў. За гэта Алесю час ад часу білі, прымушалі прамаўляць усялякую пахабшчыну і пырскалі ў твар пярцовым балончыкам, каб потым запісаць з яе вуснаў плыні несвядомага. У новай школе дзяўчынцы падабалася, таму што тут на яе ступнях і шыі больш не будзе сінякоў.
– Правільна! – сказаў Настаўнік і ўсміхнуўся. – Ну, раз ты, Алеся, першая пачала казаць, тады распавядзі нам усім, што ж такое Еўропа.
З працяглым скрыпам адсунуўшы крэсла, Алеся ўстала і пачала свой аповед.
«Еўропа – гэта спляценне прыгожых асоб і думак, якія нібыта накіраваныя ў будучыню. І гэта прытым, што чалавек на яе тэрыторыі бязмэтна перасоўваецца і шмат думае. Затым ён дасягае аблокаў і п'е іх, як адтопленае малако. Пасля гэтага спатыкаецца і пачынае плакацца. Але не ўсім запар, а толькі далёкім птушкам, якія кружаць над ім і чакаюць, як бы ім падзяўбсці Еўропу. Калі сабраць усе думкі гэтай тэрыторыі ў адзіны сказ, то там зусім не будзе косак. Для ўсіх слоў не хопіць радкоў, а літары змяшаюцца ў вялікі і нясмачны кактэйль, які нам усім калі-небудзь прыйдзецца распіць і падзякаваць невядомаму кухару.
Часам Еўропа пачынае надзімацца ў велізарны шар, напоўнены агнём. Тады нам усім трэба бегчы. Я адзін раз бачыла гэты шар. Ён цалкам складаўся з мікраскапічных вочных яблыкаў, працятых чорнымі сасудамі з атрутнай вадкасцю, пасля якой няма жыцця і тым больш карцін свету. Мне стала вельмі страшна, і з тых часоў думкі мае былі накіраваныя толькі ў квадраты. Там, дзе ёсць квадраты, няма месца Еўропе».
Сказаўшы сваю прамову, Алеся выйшла з класа, каб аддыхацца.
– Ну што, Сяргей, надышла твая чарга!
Сяргей быў бландзінам з мускулістым, зусім безвалосым целам. Голас яго гучаў нязлосна, а ў вачах