Гісторыі ў прыцемках (зборнік). Зміцер ДзядзенкаЧитать онлайн книгу.
з дому: пакуль было магчыма абысціся без закупкі прадуктаў, я стараўся не паказвацца на вочы маім пераследнікам. За гэты час я ўпарадкаваў свае запісы, і гэта нечакана мне дапамагло: я зразумеў, дзе трэба пачынаць пошукі яек птушкі Рух! Я спаліў свае паперы, каб па маіх слядах не змаглі прайсці гэтыя невядомыя мне людзі. Хто яны – я не ведаў, але ўжо асабліва гэтым і не пераймаўся: калі б намеры іхныя былі чыстымі, мне б не сталі падкідваць ананімныя лісты.
Дзякуй Богу, мне не было патрэбы паліць абсалютна ўсе свае запісы – гэта заняло б занадта багата часу. Я знішчыў толькі ключавыя. Агонь прагна паглынаў аркуш за аркушам, а я ў гэты час адчуў сябе маленькім дзіцем – гэтак жа зачаравана я глядзеў на вогнішча ў дзяцінстве, спрабуючы зразумець душу агню. Я не зразумеў яе і цяпер, затое мне ўдалося спаліць усе масты, якія вялі ад мяне да таямнічых яек.
Як бачыце, я ўсё паспеў. Вашым гаспадарам не ўдалося нічога знайсці, іначай бы мы не размаўлялі тут так доўга… І яшчэ. Ведаеце, я баюся болю. Дакладней, не так: я занадта шмат чытаў пра катаванні нават сярэднявечныя, каб не зразумець, што практычна для кожнага чалавека можна знайсці балючую кропку і зламаць яго. Я не супергерой, я не зроблены са сталі… Але мне хапіла часу, каб не толькі спаліць паперы, але і з’есці з дзясятак пігулак перад вашым уварваннем. Падзейнічаць адразу яны не маглі, але мы размаўляем ужо дастаткова доўга…
Мангол агаломшана глядзеў, як акулярнік зваліўся ў курчах на падлогу і пачаў хрыпець у агоніі. Потым ён падскочыў і стаў біць, біць, біць нагамі ў сляпой раз’юшанасці, аж пакуль цела не заціхла пад ягонымі ўдарамі.
Голем з Малой Мар’ямпольскай
Забойцу нічога не павінна было спыніць. Ён усё разлічыў, вывучыў дом як свае пяць пальцаў. Дзякаваць богу, часу на гэта было дастаткова. Вось тут трэба ступаць асцярожна: гэтая маснічына рыпіць. Пераступіў. Ён, вядома, зможа патлумачыць, чаму ходзіць тут у такі позні час. Але ўсё ж лепей не рызыкаваць. Іначай давядзецца адкладаць справу ды вынаходзіць новы спосаб: другі раз гэтак ісці ўжо не варта.
На вуліцы цяпер светла, амаль як удзень. Аднак зачыненыя аканіцы не дадуць прабіцца ў пакой нават месяцоваму святлу. Толькі вузенькі прамень пралез у шчыліну. Халодны спакойны прамень, што супакойваў думкі.
Ён лёгенька пастукаў пазногцем у дзверы. Яна адчыніла амаль адразу.
– Ты? – у голасе было непадробнае здзіўленне. – Чаму так позна прыйшоў? Справа якая важная, каб апоўначы хадзіць?
Ён моўчкі хітнуў галавой. Тузануў за сабой дзверы: яны нягучна стукнулі аб вушак. Клямка шчыльна і надзейна прычыніла дзверы. І гэтак жа хутка, шчыльна і надзейна сышліся рукі на дзявочым горле.
Яна не паспела закрычаць. Сіпела, спрабавала расціснуць мёртвае кола, што ўсё мацней сціскалася, не давала ёй дыхнуць.
Забойца апусціў мёртвае цела на падлогу. Падышоў да вакна, расчыніў. Халоднае свежае паветра рванулася ў пакой, нервова здрыгануліся фіялетавыя фіранкі. Яны кінуліся ў твар забойцу, ён прытрымаў іх.
Ціхенька