Каханне (зборнік). Мікола КалядныЧитать онлайн книгу.
шкаляроў на цярпенне, і толькі потым ізноў іх аглушыў:
– Таму што кожнаму выбару адпавядае адрозны ад іншых касмічны пласт, дзе Час і Прастора ўзаемнічаюць па-свойму. На чале яго знаходзіцца Правадыр, прыступкай ніжэй – кагорта Настаўнікаў. Менавіта яны вызначаюць асаблівасці развіцця і эвалюцыі, але больш таго, што дадзенае Богам, зрабіць не могуць.
– І яны абмежаваныя, не маюць свабоды, – са шкадаваннем уздыхнуў Джордж.
– Вось табе і нябёсы, – расчаравана вымавіў Генрых.
Клас незадаволена ўсхадзіўся, але Плутарх яго прыцішыў:
– Вы, як заўсёды, спяшаецеся. Не могуць не ад таго, што сціснутыя нейкімі асадкамі, а таму, што ў Сусвеце ўсё прадугледжанае і штосьці новае прыдумаць проста немагчыма дый бессэнсоўна.
Не ўсе вучні здолелі ўявіць такія маштабы, таму настаўнік, бачачы іхнія адхіленыя і ўдумлівыя пагляды, дадаў:
– Вельмі цяжка прытрызніць бясконцасць і бязмежнасць – вам гэтая здольнасць будзе дадзеная пасля поўнага курсу навучання, – ён зрабіў невялічкую паўзу і загаварыў больш цёпла. – Вы напэўна ўсвядомілі, як пачынаўся ваш шлях на Зямлі. Усё, што з'явілася на ёй потым, – супольная заслуга вашая і Настаўнікаў, плён агульнае творчасці, перамогаў і паразаў. На жаль, вы аб гэтым не памятаеце. На кожным занятку я буду паступова адчыняць ячкі вашага сведам'я, і вы ўбачыце сапраўдную карціну гісторыі планеты, прачуеце значнасць удзелу ў ёй кожнай жывой істоты.
30
– Дзядуня, а навошта мы жывем?
– Эх, унучак! Калі б хто ведаў дакладны адказ на гэтае пытанне, адразу б сеў поруч з БОГАМ.
– А чаму так?
– Тут можна разважаць дваяка: калі вышэй чалавека хтосьці ёсць, то гэта – тайна, а калі – няма, тады ўсё зразумела і відавочна: нарадзіўся, пажыў і памёр.
– Так нецікава. Лепш, каб тайна.
– І я так лічу.
– А як яе разгадаць, дзеду?
– Няпроста, унук. Мне здаецца, нашае жыццё мае надта важную мэту, якую мы пакуль не можам зразумець.
– То бок, не дараслі?
– Праўда што. Падобна вунь таму вусеню, які паўзе па лісціку, і не цяміць, што калі-небудзь стане матыльком. Калі параўноўваць да канца, дык чалавек, як і ён, – незавершаная, пераходная істота, увесь сэнс існаваньня каторай – смерць, ператварэнне ў новы стан, але ў які – нам невядома..
– А мятлік кумекае, што пайшоў ад вусеня?
– Не.
– Няправільна гэта. Павінен знаць і памятаць!
– Не хвалюйся. Такі парадак.
– Ён мне не падабаецца! Хто выйграе ад таго, што вось гэтая кузурка дачасу бесклапотна пырхае, радуецца сонцу, а ўрэшце памірае, не ведаючы, кім будзе?
– Напэўна той, хто гэта прыдумаў… Супакойся, родненькі.
– Дзядуля, і з усімі так?
– На жаль.
– Крыўдна. Атрымліваецца, што я патрэбны толькі для таго, каб з мяне нехта вулупіўся, няйначай, таксама з крыламі.
– Малайчына, унук. Ты па-свойму патлумачыў сэнс нашага