Дагератып. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
гучаў настолькі знарочыста абыякава, што я абурылася і засмуцілася. Бо абыякавасць да гісторыі, у тым ліку ўласнага роду, уважаю за такі недахоп разумовы і душэўны, што чалавек успрымаецца, як інвалід. Я не хацела б настолькі расчаравацца ў шэравокім біёлагу.
Я моўчкі паклала ў скрынку зноў загорнуты ў сурвэтку дагератып, а Гальяш ужо трымаў у руках пульхны сшытак у зялёнай пацертай вокладцы, яшчэ адзін экспанат з каробкі. Сшытак аказаўся ўвесь спісаны цвёрдым почыркам з вострадахавымі літарамі. Вельмі падобна на дзённікавыя запісы… Дата на першай старонцы – 1893 год – падалася мне чамусьці страшэнна знаёмай. Ах, так, гэта ж лічба з каменнага п’едэстала знакамітай скульптуры-фантана “Хлопчык з лебедзем”, зробленай у год адкрыцця ў горадзе водаправоду. Колькі я на першых курсах сядзела з сябрамі на лаўцы каля таго фантану, сузіраючы гэты надпіс. Дарэчы, пляц з фантанам празвалі “Панікоўкай” – бо хлопчыка, які пяшчотна прыціскае да сябе вялікую птушку, гарадскія жартаўнікі прыпадабнялі да персанажу рамана Ільфа і Пятрова “Залатое цяля”, старога шалбера Панікоўскага, што больш за ўсё на свеце любіў красці гусей.
Але перад намі дзённік, напісаны больш за сто гадоў таму! Подпіс уладальніка знайшоўся: “Багуслава Н”. Відаць, тая самая дама з цыгарэткай!
– Гэта табе таксама не цікава? – як мага больш холадна папыталася я.
Ну чаму, чаму патрапіла мне ўтрэскацца ў хлопца, які настолькі не падзяляе маіх інтарэсаў? Ды каб я на антрэсолях нашай хрушчоўкі такое знайшла, я б валяр’янку бутэлечкамі піла, абы сэрца ад радаснага ўзрушэння і прадчування таямніцаў не выскачыла! Але Гальяш усё-ткі, падобна, больш прыкідваўся абыякавым, чым быў. Ён кусаў вусны і вадзіў пальцамі па сшытку, быццам наважваўся… І нарэшце прамовіў глуха:
– Мне страшна.
Ад нечаканага прызнання ў слабасці, ад усведамлення, што я заслужыла такую шчырасць, я зноў расчулілася, расцяклася, як алей на цёплай патэльні.
– Чаму?
Гальяш задумаўся, паціраючы пальцам лоб, такі ж высокі, як у невядомага Каганецкага на фотаздымку.
– Гэта як бы ты азірнуўся назад, і замест дарогі, па якой ішоў, звычайнай такой, асфальтавай, пабачыў пракладзеную над прорвай хісткую кладку. Што ў маім мінулым, чыя кроў ува мне цячэ? Я па звярах ведаю, як шмат значыць парода. Магчыма, мой свет парушыцца, калі я гэта прачытаю, і я ніколі не стану ранейшым. У бальніцах нездарма не даюць хвораму на рукі гісторыю яго хваробы.
– Лічыш за лепшае зрабіць выгляд, нібы мы нічога не знаходзілі? – з выклікам прамовіла я. Гальяш уздыхнуў на поўныя грудзі, быццам рыхтаваўся да бойкі, і шчыра ўсміхнуўся (маё здрадлівае сэрца, вядома, трапятнулася).
– Я не дазволю сабе быць баязліўцам. Тым больш, я ж бачу, як цябе гэта ўсё цікавіць, і артыкулы твае чытаў… – (Чытаў! Трэба ж!) – Ты малайчына. Магчыма, штось і з гэтай каробкі выкарыстаеш у сваёй працы. Так што…
Гальяш абвёў вачыма загрувашчаны пакой.
– Бог з імі, з трантамі, заўтра сам скончу. Я абяцаў табе гарбату… Вось давай і зладзім