Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
а яшчэ чамусьці – гнілымі водарасцямі.
А потым…
А потым Вырвіч адплюшчыў вочы і зараз жа зноў заплюшчыў, бо сонца разанула па зрэнках, як татарын па горле баранчыка. Ад даволі адчувальнага пагойдвання цягнула на ваніты…
Пранціш усё-ткі прыўзняў павекі – далібог, хоць манетамі іх падпірай. Над ім абыякава плылі аблокі, сінела неба, спакойнае, як тапелец… Побач пацоквалі капыты, колы падскоквалі на каменьчыках – значыць, ён у экіпажы… А ў горле ўтварылася шостае кола пекла, у якім, згодна Дантэ, ляжаць у распаленых вогненных магілах блюзнеры ды эпікурэйцы. Лёднік, праўда, паблажліва ставіўся да Эпікура, якога лічыў цікавым філосафам: усё на свеце створанае з драбнюткіх часцінак – атамаў, і існуюць толькі іхні рух і пустэча. Бязбожнік, цьху!
Лёднік! Прагрэсіўныя дактары! Сходка ў доме дэ Варда!
Пранціш нарэшце прыўзняўся – свет загайдаўся, як русалка на вярбе. Гэтак смажыла ды вяло ўбакі, калі выпіў тры збаны такайскага віна з адным нясвіжскім войскім, што з’ехаў пасля паразы Пане Каханку за мяжу ды раптам прыжаніўся ў Ліёне. Вось і паўспаміналі землякі Беларусь ад душы…
– Як пачуваецца месье? – пачуўся збоку клапатлівы, але з прыхаванай насмешкай голас. Пранціш вылупіўся, як мог: злева ад яго сядзеў пан Альфонс Бяскоўскі ва ўсёй даўгалыгай красе.
І яшчэ адзін знаёмы голас:
– Горачка якое, набраўся ягоная мосць, як жаба гразі…
А гэта азваўся Хвэлька. Вунь яго спіна наперадзе, там, дзе месца фурмана. Значыць, брычка Лёднікава, а дзе сам доктар?
– Адплыў на Яву, – ветліва адказаў на пытанне Бяскоўскі. Пранціш ажно трохі ачуняў.
– Як гэта? Калі? Чаму?
– А што, пан нічога не памятае?
Вырвіч з цяжкасцю прысеў. Галава была, як цэбар з пяском, так і цягнула зноў прылегчы.
– Вы мне, вашамосць пан Бяскоўскі, мякіну не церушыце… Не мог Лёднік з’ехаць, не развітаўшыся!
– Ну чаму – не развітаўшыся? – здзекаваўся паскудны Альфонс. – Яшчэ як развітаўся! Няўжо і гэтага не памятаеце? А мне мой бацька распавядаў, што ў Рэчы Паспалітай добра піць умеюць…
– Я не піў! – абурана заявіў Пранціш. Бяскоўскі ўдавана скрушна ўздыхнуў.
– Я заўсёды казаў, што такайскае, закупленае ў дэ Фруа, пасля пэўнай колькасці адбівае памяць. Дык вось, шаноўны пан Вырвіч, учора вы ўварваліся ў дом ягонай мосці барона, проста ў лабараторыю ў сутарэннях, дзе мы абмяркоўвалі вынікі чарговай аперацыі. Пачалі шумець і патрабаваць, каб месье Лёднік зараз жа адпраўляўся з вамі на радзіму, ваяваць… Прабачце, не памятаю, з кім і за што. Месье Лёднік узлаваўся… Барон, каб спыніць спрэчку, запрасіў усіх за стол, дзе вы і паказалі, як павінен частавацца сапраўдны шляхціц. Вы так абражалі свайго сябра, што ён заявіў – зараз жа адпраўляецца разам з месье Перэсам на карабель, які адплывае раніцай на востраў Ява. А паколькі месье Барталам’ю чалавек гарачы, і такайскага таксама выпіў, дык мы вас ледзь расцягнулі. Вы доктару шабляй