Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір АрлоўЧитать онлайн книгу.
Праверыўшы ягоную вастрыню, кароль застаўся задаволены і ўвагнаў джала ў валізку. Нож лёгка разрэзаў светла-брунатную скуру па перыметры.
Валізка была наладаваная простымі папяровымі тэчкамі на тасёмках. Кароль пасунуў да каміна цяжкое, абабітае зялёным аксамітам крэсла, паставіў на камінавую дошку келіх з віном і паклаў на калені верхнюю тэчку. Ён не спяшаючыся развязаў белыя тасёмкі, але раптам ускочыў і з лютасцю шпурнуў тэчку ў камін. З наступнай тэчкаю ўсё паўтарылася. Другую валізку ён распаласаваў ножам крыж-накрыж і рвануў скуру рукой. Вынік быў той самы.
У гэтым месцы крыніцы, якімі карыстаўся аўтар, пачынаюць пярэчыць адна адной, прычым розначытанні набываюць настолькі прынцыповы характар, што змушаюць падаць абодва варыянты.
Паводле першага, у тэчках ляжала некранута-чыстая папера. Паводле другога, папера ў тэчках таксама ўяўляла сабой белую неруш, але пасярод кожнага верхняга аркуша было каліграфічным почыркам выведзена: «А вось табе х…»
Прааналізаваўшы ўсе дадзеныя, чытач можа самастойна выбраць найбольш верагодны працяг.
Маша і мядзведзі
Дзецям да 16 гадоў прысвячаецца
Не верыць у рэінкарнацыю – дэбільна проста.
А калі яна ўсё ж існуе? А калі ў апошнім з тваіх папярэдніх жыццяў ты сапраўды – як убачыла ў эзатэрычных табліцах адна абазнаная жанчына – дыхаў п’янкім паветрам XVІІІ стагоддзя, прачынаючыся і засынаючы ў абліччы папулярнай мексіканскай танцоркі, асобы спакуслівай, падступнай і, бясспрэчна, тэмпераментнай не толькі на сцэне?
У якім увасабленні і праз колькі гадоў ці стагоддзяў ты зноў прыйдзеш у гэтую юдоль пасля змушанага або добраахвотнага развітання з сённяшнім целам і сённяшняй свядомасцю?
Ці залежаць хоць нейкім чынам наступныя з’яўленні на свет ад тваіх цяперашніх прынцыпаў і паводзін? (Няўжо меў рацыю Платон, які ў адным са сваіх славутых дыялогаў бязлітасна сцвярджаў, што гулякаў, абжораў і жлукталёў у наступных увасабленнях чакае безальтэрнатыўны лёс асла?)
Ці марыш ты адпачыць ад чалавечае іпастасі і здзейсніць прарыў з інтэлектуальнага холаду ў новы свет, знайшоўшы для душы зусім іншую цялесную абалонку з абсалютна незнаёмым дыяпазонам магчымага і немагчымага?
Ці будзе ўлічанае тваё жаданне ўцялесніцца ў нейкім канкрэтным абліччы або ў пэўным месцы? Можа (у спадзяванні на тое, што дзесьці там, умоўна кажучы, «наверсе», прыслухаюцца), гэтае жаданне сапраўды варта публічна агучыць, як, прыкладам, Іосіф Бродскі, які шмат разоў паўтараў, што ў новым увасабленні хацеў бы жыць у Венецыі – хоць катом, хоць пацуком.
Пра такія рэчы добра бывае паразважаць у звярынцы, асабліва калі сонца паварочвае на вясну, калі зноў верыцца ў лепшае, а ў кішэні ў цябе – зграбная булькатлівая біклажка з нержавейкі.
Вось перад табою, да прыкладу, леў.
Ува ўмовах дзікае прыроды ён, як паведамляе шыльдачка, жыве пятнаццаць гадоў, у няволі – усе трыццаць. Чаму б ты на ягоным месцы аддаў перавагу?