Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір АрлоўЧитать онлайн книгу.
татуіроўкай, што здалёк яна будзе выдаваць на бэзавую кашулю. Усьцешаны фатограф абкруціць свайго смарагдавага кампана вакол мацака й замітусіцца каля апарату, а ты разам з натоўпам будзеш захоплена разглядаць татуіроўку, на якой у непрыстойнай блізкасьці з Ільлічом ды іншымі выдатнымі кіраўнікамі камуністычнае партыі й савецкай дзяржавы будуць выстаўляць свае вабноты прыгажуні з падпісанымі ўнізе імёнамі. Ты будзеш думаць пра час, калі давядзецца падпісваць і правадыроў, і раптам у паветры запахне ня толькі алеандрам, але і скандалам. Мацак пачне зьлякана азірацца й дзіўнавата тузацца. Што падзейнічае на пітона, застанецца загадкаю: ці то ён будзе сымпатыкам КПСС і абурыцца суседзтвам яе правадыроў з цыцкастымі вярціхвосткамі, ці то спрацуе інстынкт вольных ад эксплюатацыі фатографамі продкаў, але вынікі будуць відавочныя: татуіроўка стане відаць лепей, а ейны гаспадар зьбялелымі вуснамі вымавіць: «Сними змею». Зьляканы фатограф аберуч ухопіцца за пітонаў хвост і пачне ліхаманкава адкручваць зялёныя кольцы. «Адресок! Адресок!» – закрычыць ён наўздагон уратаванаму мацаку, а той гістэрычна выгукне цераз плячо: «Пошел ты со своей змеей на х..!»
Чамусьці менавіта ў тую хвіліну ты вырашыш: сёньня…
Валошак на ялцінскім рынку ня будзе, і ты купіш букет вялікіх, пабітых начным дажджом рамонкаў. Прыватнік завязе цябе на гару колеру прывялага ляўровага ліста і высадзіць каля брамы старых Лівадзійскіх могілак, а п’янаваты вартаўнік растлумачыць, што трэба ісьці па стрэлках, якія паказваюць шлях да магілы нейкага Бірукова. На адным з паказальнікаў пад словамі «К могиле Бирюкова» зусім па-беларуску будзе цьвіком надрапана: «і М. Багдановіча», і ты ўдзячна падумаеш, што, можа, гэта зрабіў наш міністар культуры, калі быў тут у траўні са сваёй дэлегацыяй, адзначаючы ўгодкі Максімавай сьмерці…
На магіле ты ўбачыш стандартную цэмэнтаваную пірамідку зь пяціканцоваю зоркай, якая, напэўна, значыць, што – каб не сухоты – Багдановіч атрымаў бы бальшавіцкую кулю ў патыліцу адзін зь першых. Ты заўважыш, што нейкі мастак паспрабаваў замаскаваць зорку намаляванай зьверху валошкай, а таксама ўбачыш бел-чырвона-белую харугвачку, дзюбаты алюміневы імбрычак са збуцьвелымі кветкамі ды яшчэ чатыры валошкі – капронавыя.
Казаць пра астатняе табе будзе няёмка. Магчыма, ты прачытаеш сам сабе «Пагоню», магчыма, пагаворыш зь ім і нешта дакляруеш – яму й сабе…
Пасьля ты памяняеш ваду ў імбрычку, напішаш пад слупком датаў на харугвачцы сваю й пойдзеш, разы тры азірнуўшыся на адвітаньне, сьцежкаю да брамы – з думкай, што Максіму добра ляжаць тут, над морам, у засені старога кіпарысу, у краіне сьветлай, дзе суха, цёпла й не чуваць узьнёслых прамоваў міністраў, намесьнікаў і загадчыкаў нашае культуры: «Удзячные нашчядкі сабралісь, штоб адзначыць…»
Жыцьцё ў творчым доме будзе каціцца сваёй каляінаю. Перакладчык Ашот будзе круціцца вакол гнуткай ташкенцкай жыдовачкі Розы. На ганку сталоўкі будуць лайдакавата даядаць літфондаўскія секунцы дзясятка паўтара катоў. Ад творчага перанапружаньня