Рай даўно перанаселены (зборнік). Алена БраваЧитать онлайн книгу.
забылася! Незнаёмка, прапаноўваючы сваё цела белетрысту Р., ні слоўца не сказала пра каханне! Наадварот – схавалася пад маскай распус-ніцы. Д’ябальская цнатлівасць! Вось што перашкодзіла ёй сёння, думае выдатніца, узгадваючы сказаную Ім фразу. Інакш Ён не прагнаў бы яе… Яна ўлічыць гэта, і ў наступны раз прыйдзе да Яго вопытнай.
Адзін з хлопцаў, таксама на добрым падпітку, выйдзе папаліць – матэматык ці фізік, ёй усё роўна. Яна скажа: «Пойдзем?» І яны адправяцца да яго. Сусед хлопца, студэнт з Афрыкі, які прыме яе за маладзенькую саўковую прастытутку (ёй усё ж удалося ўпісацца ў сюжэт!), саступіць парачцы сваю канапу, засланую раскошным пакрывалам, і з падбадзёрваючым рогатам сыдзе «пагуляць», не забыўшы шапнуць Юлі на вуха, што яна да яго таксама «welcome». Матэматыка чакае шок: сустрэць у гэтай напаўп’янай дзеўцы з размазанай слязьмі касметыкай цнатлівіцу ён, вядома ж, не чакаў. Яна стаічна выцерпіць балючую працэдуру, якая нагадае ёй наведванне стаматолага, не больш. Ніколі яна не раскажа ні-кому падрабязнасці гэтага афрыканскага ахвярапрынашэння: як бегала ў ванны пакой замываць заплямленае крывёю пакрывала з негрыцянскае канапы, як перапалоханы Матэматык ёй дапа-магаў – пакрывала аказалася нейкім рытуальным і дасталося афрыканцу ад продкаў. І напэўна нікому не раскажа яна пра тое, што праз тыдзень зноў наведала Матэматыка: каб ужо надзейна, з гарантыяй. Бо яна была прыроджаная выдатніца і заўжды выконвала праверачную работу!
Аддаць усё, выкласціся дарэшты, каб атрымаць кроплю любові ці, прынамсі, хвіліннае ўвагі, у якой не адмаўляюць і насякомаму, што выпадкова апынулася на нашай скуры. Гэтак яна будзе рабіць заўжды. Але нават тая драбніца, аб якой яна дбае, ёй не дастанецца. Калі Юля, божая кароўка, вясною прыляціць у суд за сваёй узна-гародай, высветліцца, што Сямён Сямёнавіч працуе недзе «ў абласных структурах».
15
Восенню яна паехала з курсам на ўборку бульбы. Яна працуе, як жалезная: цягае цяжкія вёдры, іх вага ў шмат разоў перавышае норму, якую можна паднімаць дзяўчынкам-студэнткам. Раней яна вар’яцела б ад страху за Яго дзіцянё, якое збіралася нарадзіць, – цяпер гэта ўжо не мае значэння. Або вось удача: ідуць дажджы, студэнты кінуты «ратаваць ураджай», бо тыя, каму належыць гэта рабіць, валяюцца ўпокат, п’яныя да чорцікаў, пад навесам бульбасховішча, падобныя ў брудных ватоўках да мяшкоў з буль-бай; мокрых да ніткі, у канцы працоўнага дня дзяўчат заганяюць у грузавік з адкрытым бортам і з ветрыкам вязуць на начлег ў халодную халупу, дзе раней размяшчаўся кароўнік. Палова групы ўжо ляжыць у вясковым лазарэце, траіх адпраўляюць у лякарню з пнеўманіяй – а Юлечцы хоць бы што. Яна спакойна падстаўляе твар ветру: навошта цяпер клапаціцца пра здароўе? Берагчы сябе для Яго больш не патрэбна. А берагчы сябе дзеля сябе яна ўжо дакладна не збіраецца!
Але бульбяной эпапеі выдатніцы падалося мала: глыбіня яе адчаю мела патрэбу ў больш маштабных праявах. На Каляды яна сама сабе адправіла паштоўку, падпісаную «Менада». Паштоўка змяшчала вольную цытату з Марыны Цвятаевай, ахайна выве-дзеную