Рай даўно перанаселены (зборнік). Алена БраваЧитать онлайн книгу.
школьных парадках гэтаксама нешта парушылася. Вось ужо звініць званок на ўрок ваеннай падрыхтоўкі, але ніхто не спяшаецца мянціць пра абарончую моц СССР і раз’юшана тыркаць ме-талічнай указкай у плакаты, на якіх атрутнай кветкай распускаецца воблака атамнага выбуху. І вось у клас, рухаючыся, нібыта на шарнірах, як рабатызаваная статуя Камандора, уваходзіць кіраўнік «ваенкі». Уваходзіць са спазненнем на шэсць хвілін – неве-рагодна! Палкоўнік у адстаўцы не адказвае на «здравияжелаем», не дае каманды «вольна». Стаіць, цяжка дыхаючы, сашчапіўшы рукі за спінай, абвіслыя зморшчыны на барвовым твары трасуцца, як у ратвейлера. Пачалася вайна з ЗША – здагадваецца Юля. Яна нават перастае адчуваць звыклую ранішнюю млявасць. Палкоўнік, робячы натужлівыя глытальныя рухі, паведамляе, што савецкі народ пацярпеў незаменную страту… памёр Гене-ральны сакратар ЦК КПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР… чатыры разы Герой Савецкага Саюза… і г. д. – безліч тытулаў. Дзіка прароўшы «сміррррна!» (Юля аж здры-ганулася), педагог абвяшчае хвіліну маўчання.
Выдатніца стаіць каля сваёй парты не дыхаючы. Чутно, як паміж рамамі б’ецца нейкая ідэйна хісткая муха, якая своечаcова не заснула. Палкоўнік пільна ўглядаецца ў твары, шукаючы крамолу. Раптам Юля адчувае: з ёю адбываецца нешта жахлівае. Яна зараз засмяецца! У адчаі яна паварочваецца да Тані Савіч, суседкі па парце. Зірнуўшы на скажоны твар выдатніцы, тая пырскае са смеху. Спробы ўшчыкнуць сябе за сцягно не даюць належнага выніку. Між тым, стараста Люда Грыневіч, што прыгожа застыла ў вобразе грамадзянскага смутку, пачынае дзіўна кашляць. Твар Сашы Сомава, які стаіць, выпрастаўшы рукі па швах, са шкляным позіркам (Саша збіраецца ў ваеннае вучылішча, яму патрэбна добрая характарыстыка), паступова чырванее…
«Прэч з класа!»
Жалезная ўказка лупіць па парце выдатніцы. Божа, які жах! Яна падхоплівае партфель.
«Заўтра прыйдзеш з бацькамі!!» – равуць ёй у спіну трубы Страшнага Суда.
Юля вылятае ў калідор. Бязглузды смех да спазмаў у жываце, да цемнаты ў вачах распірае яе, ён ірвецца вонкі з усіх пор яе скуры. Як вихри враждебные, яна праносіцца па прыступках уніз, імчыцца міма «чырвонага кутка» з расцягнутым уздоўж сцяны лозунгам «КАМУНІЗМ – НАША МЭТА!», міма настаўніцкай, куды дырэктарка англійскай спецшколы якраз вядзе за распухлае вуха чарговую бунтарку-дзесяцікласніцу, што адважылася парушыць асновы асноў ды пракалоць мочкі вушэй, у якіх – скандал! – красуюцца новенькія завушніцы; міма «шклянкі» піянерскага пакоя, што нагадвае акварыум, у якім плавае ў паўзмроку гіпсавы бюст Правадыра, і дае нырца ў душную цямрэчу гардэроба, на шчасце, не зачыненага. Нарэшце выдатніца можа разрагатацца ўголас…
Дзень смерці Правадыра стане для Юлі адным са шчаслівейшых дзён жыцця. Ніколі – ні раней, ні потым – яна не спазнае такога трыумфу, такога ўсеагульнага захаплення. Калі, перачакаўшы ў гардэробе ўрок ваеннай падрыхтоўкі, яна з’явіцца ў клас, усе будуць старацца