Брамнік заўжды самотны (зборнік). Юры СтанкевічЧитать онлайн книгу.
раённай спартшколы, яго даўні знаёмы Пётр Сманцар.
– Міхась! – сказаў ён пасля некалькіх дзяжурных фраз. – Я знайшоў у пасёлку Лаўніца – гэта тэрыторыя нашага раёна – цікавага хлопчыка. Яму трынаццаць год, і ён гуляе ў незвычайны футбол. Табе варта залічыць яго да сябе – не пашкадуеш.
– Што ж у ім такога незвычайнага, Пётра?
– Гэта – будучы варатар ад Бога. Я выпадкова паглядзеў адну мясцовую дзіцячую гульню.
Ён адзін варты ўсёй каманды. Заўтра ў іх фінал на мясцовай “паляне”. Ты б даслаў каго са сваіх скаўтаў.
– Не магу. Сам ведаеш – час адпачынкаў. Схадзі, калі здолеш. За мной, як кажуць, не прападзе.
– Атлусцеў ты там у вобласці. Ведаеш жа, што і я – у адпачынку, і футбол – не мой профіль. Бывай!
І трэнер Пётр Сманцар раздражнёна кінуў слухаўку на рычаг.
Але назаўтра, калі крыху астыў, ён, быццам нехта штурхаў, усё-такі пайшоў на Лаўніцкі мясцовы стадыёнчык, занядбаны і неўпарадкаваны, дзе пачыналася ўжо традыцыйная летняя фінальная гульня дзіцячых каманд. Гульня амаль без заўзятараў праходзіла спачатку даволі вяла. Варатар Максім Гудаў, які і быў мэтай яго інтарэсу, высокі, гнуткі хлопец, узяў пару мячоў, адзін з якіх, на думку трэнера Сманцара, быў стоадсоткава галявы, потым засумаваў, але неўзабаве стаў выяўляць сваю незвычайную актыўнасць: камандаваў абаронцамі, гнаў іх наперад, выбягаў з варот далёка за штрафную і, урэшце, выканаў пенальці – сам забіў гол.
Трэнер Сманцар, між тым, вырашыў давесці сваю добраахвотную місію да канца, вылавіў пасля гульні хлопчыка, прадставіўся і прапанаваў:
– Не супраць, калі я пагавару з тваімі бацькамі?
Пара табе, братка, рэалізавацца ў жыцці.
Высокі, пад сто восемдзесят – вызначыў Пётр Сманцар – хлопчык зацікаўлена агледзеў незнаёмага дзядзьку шэрымі вачыма, нерашуча правёў далонню па коратка стрыжанай светлавалосай галаве.
– Навошта? І пры чым тут бацькі?
– Табе варта пачаць ездзіць на трэніроўкі ў абласную футбольную школу. Упэўнены – цябе залічаць.
– Праўда? – вочы хлопчыка ўспыхнулі радасцю.
– Зуб стаўлю, – пажартаваў трэнер Пётр Сманцар. – Там у мяне сябра дырэктарам – Міхась Катовіч. Былы футбаліст. Можа, чуў пра такога?
– Чуў, – памаўчаўшы сказаў хлопчык, – ён калісьці гуляў за “Дынама”. Так?
– Добра, што ты ведаеш. Дык згода? Тады паехалі. Вунь і мая тачка стаіць.
Але адказам на прапанову была нечаканая зацятасць. Максіма нешта турбавала.
Усё высветлілася, калі трэнер Сманцар разам з хлопчыкам зайшлі да таго ў кватэру. Яшчэ ў кутку, у вітальні, ля вешака, ён мелькам убачыў сетку з пустымі бутэлькамі, убогую мэблю, пашарпаныя шпалеры, пачуў пах тытуню. І ўвогуле, пах неўладкаванасці і галечы.
Максімаў бацька, азызлы, з нездаровым тварам, сядзеў на кухні і паліў. Ад яго да таго ж ледзь улоўна несла алкаголем.
– У спартыўную школу? – спытаў ён. – Ну, дык у чым праблема? На здароўе. Няхай трэніруецца.
Трэнер Пётр