Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік). Юры СтанкевічЧитать онлайн книгу.
ведаў. Тады Гавін пацікавіўся, ці чытаў студэнт Байкоў хоць што з распрацовак Фрыдрыха Энгельса па тэме, а так як гэта ў праграму не ўваходзіла, Байкоў толькі лыпаў вачыма. Урэшце ён пачаў нешта гаварыць па пытанні ў білеце, але Гавін праз хвіліну перапыніў яго і спытаў, што еў студэнт Байкоў на сняданак. «Сала з хлебам», – шчыра адказаў той. «І часнаком?» – пацікавіўся Гавін. «Так», – кіўнуў Міхась Байкоў. «То, як будзеце пераздаваць, ужывайце ўжо без часнаку», – сказаў выкладчык Гавін і на тым скончыў апытанне.
– Ну, дык вупыры ж і не выносяць часнок, – заўважыў на тое Байкову Ігнат Мазур. – А ты, братка, натрамбаваўся ім з раніцы. Вось і атрымаў.
Але, урэшце, выкладчык Гавін пэўна прытаміўся, бо пасадзіў у куце насупраць свайго калегу Пётру Мацкевіча, каб і той дапамагаў. Усё гэта даносілі тыя, хто выходзіў з аўдыторыі пасля іспыту.
Трое змоўшчыкаў, між тым, адразу акрыялі. Цяпер трэба было пралічыць усё так, каб трапіць менавіта да выкладчыка Мацкевіча, што аказалася не так і проста. Першым спадобіўся трапіць да яго выкрутлівы як Уліс Іосіф Зялёнка. Праз хвілін пяць ён выскачыў з дзвярэй і адразу піхнуў туды Ваню Гужына.
– Ідзі, правадыр камсамольскі, ха-ха…
– Што? Як? – пачалі ў яго пытацца дзяўчаты.
– Ледзь выратаваўся, – хітрыў Іосіф Зялёнка. – Джаліць, як пчала. Пытанне за пытаннем.
Але адразу кінуўся да Ігната Мазура, зашаптаў таму ў вуха:
– Станавіся ля дзвярэй. Нікога, акрамя сябе, да Мацкевіча не прапускай. Толькі да таго, інакш табе гамон. Урэшце, сам ведаеш.
– Пакажы залікоўку.
– Ну то зірні на арыфметыку.
У графе за іспыт студэнт Ігнат Мазур убачыў лічбу «5» і подпіс Мацкевіча.
– Дык ты ж казаў…
– Мала што я каму казаў. Наперад, сябра. Пара.
Студэнт Ігнат Мазур з залікоўкай у руках стаў ля дзвярэй. Неўзабаве яны адчыніліся, але з аўдыторыі выйшла як самнамбула стараста курса Уразава. На яе заўсёды жыццярадасным камсамольскім твары чыталіся разгубленасць і яўнае незадавальненне. «Тры, тры балы», – загаманілі вакол яе дзяўчаты.
З велічнай млявасцю выплыла ўрэшце з аўдыторыі генеральская дачка Паліна Басаргіна.
– Пяць балаў, – абвясціла яна. – Гавін запаў на мяне, век Парыжа не бачыць.
Варта было заходзіць менавіта Ігнату Мазуру, але той рашуча адмовіўся:
– Пачакаю.
Замест яго, а значыць да выкладчыка Гавіна, пайшоў вядомы на курсе зубрыла і, як хадзілі чуткі, – чалавек «Кума», выдатнік Павел Слімакоў.
Ужо моцна нервуючыся, студэнт Ігнат Мазур чакаў выхаду Вані Гужына. І як толькі той паказаўся з дзвярэй, пасунуўся ў аўдыторыю.
«Да выкладчыка Мацкевіча, – круцілася думка. – І каб трапіць толькі да таго».
У аўдыторыі было чыста, светла і пахла сумессю таннай жаночай парфумы і кветак. На стале перад выкладчыкам Гавіным стаяла вазачка з букетам. Сам выкладчык – укормлены, самазадаволены, карыкатурна імпазантны – разглядваў, нібы нецікавае яму насякомае, узмакрэлага