Казкі для дарослых (зборнік). Адам ГлобусЧитать онлайн книгу.
Дабранач бачыць кожнага з іх толькі раз на тыдзень. Добра, што кожны з мужоў думае і верыць, нібыта ён у Дабраначы адзіны і непаўторны. Добра, што мужы Дабраначы ніколі не бачылі і не ўбачаць адзін аднога, а то б… Лепей пра такое не думаць і такога не ўяўляць. Жыве сабе Дабранач і жыве са сваімі злыднямі. І няхай іх сумеснае жыццё будзе вечнае.
Малы Цемрык і цвік-страла
Мужчына заўважыў Малога Цемрыка краем вока. Мужчына зайшоў у цёмнае памяшканне, запаліў святло і пабачыў, як Малы Цемрык пабег на танюткіх ножках у чорны закутак пад батарэяю. Тамака Цемрык і прапаў, як заўжды. Не тое каб ён моцна раздражняў мужчыну ці палохаў яго сваімі нечаканымі з’яўленнямі. Не. І шкоды ніякай вялікай Малы Цемрык не ўтвараў, але мужчына вырашыў прыбіць пачварку. Мужчына задумаў прыстрэліць Малога Цемрыка, каб той не круціўся пад нагамі. Мужчына зрабіў невялічкі арбалет, які мог стрэліць цвікам-стралой з такой сілаю, што дошка на тры сантыметры таўшчынёю лёгка прабівалася навылёт. Мужчына зайшоў у цёмны пакой, пстрыкнуў выключальнікам, навёў арбалет на Цемрыка і пусціў стралу. Цвік прабіў Малога Цемрыка і напалову загнаўся ў бетонную сцяну. Чорная, як нафта, кроў хутка выцекла з маленечкага чалавечка. Мужчына сабраў кроў анучай, якую запіхнуў у цалафанавы пакет разам з вялым цельцам застрэленай пачваркі. Мужчына першы раз пашкадаваў Малога Цемрыка ў той момант, калі пакет выкідаўся ў смеццеправодную трубу. Другі і апошні раз ён пашкадаваў Цемрыка, калі абцугамі вырываў са сцяны цвік-стралу.
Калодзежная жонка і Залаты грабянец
Вырашыў мужчына ажаніцца. Лёгка было сказаць, ды цяжка зрабіць, бо надумаў мужчына знайсці сабе найпрыгажэйшую ва ўсім свеце жонку. Куды ён толькі ні лётаў! У якіх краях ён толькі ні шукаў! Пэўна, тры разы абляцеў, абшукаў і агледзеў той апантаны мужчына ўвесь свет, ажно пакуль не знайшоў аднавокага ведзьмака, які параіў пайсці жаніху ў Белавежскую пушчу, знайсці тамака закінуты калодзеж, схавацца побач з калодзежам у зарасніку шыпшыны і ноч перачакаць. На досвітку вада ў калодзежы падымецца і паўстане з той крынічнай вады найцудоўнейшая ў свеце жанчына. Аднаго не ведаў аднавокі дарадца: як тую цудоўную прыгажуню затрымаць, бо як толькі яна некага бачыла, дык вокамгненна рассыпалася на безліч найдрабнюткіх слязінак-расінак і расплывалася ў паветры. Мужчына вырашыў папросту злавіць калодзежную прыгажуню на Залаты грабянец, які выпадкова прыдбаў у русалкі з возера Нарач. Пайшоў ён у пушчу, знайшоў калодзеж, схаваўся ў шыпшыне, а Залаты грабянец паклаў на сінюю ядвабную хустку, якую разаслаў каля самага калодзежа. Як казаў вядзьмак, так і адбылося: вада ў калодзежы ўзнялася, і выплыла з той вады доўгавалосая і яснавокая прыгажуня. Убачыла яна Залаты грабянец, падышла да сіняе хусткі. Тут мужчына і схапіў яе за руку. Толькі ён дакрануўся да найпрыгажэйшай на ўсім белым свеце жанчыны, як тая пачала рассыпацца на слязінкі-расінкі, а разам з ёю пачаў рассыпацца на расінкі-слязінкі ды раставаць у паветры і малады мужчына. Яны прапалі, зніклі, як іх і не было. Залаты грабянец і сіняя хустка дасталіся аднавокаму