Крутагорскія казкі. Адам ГлобусЧитать онлайн книгу.
«Што яна сказала? Будзе ў нас дзiця?» Мужчына ўздыхнуў i выдыхнуў: «Будзе! Дзяўчынка…»
36. Блакiтная агароджа
Хлопчык з пэндзлем i бляшанкаю фарбы прыйшоў на пагост. Бацькi папрасiлi яго пафарбаваць агароджу вакол прадзедавай магiлы. Стаяў ясны лiпеньскi ранак, на высокiм небе не было нiводнай аблачынкi. Хлопчык адкаркаваў бляшанку i паспрабаваў фарбаваць жалезныя пруткi. Фарба клалася камякамi. Як ён нi стараўся, як нi намагаўся, атрымлiвалася ў яго кепска – так кепска, хоць ты вазьмi ды заплач. Хлопчык заплакаў. Тут зямля i рассунулася, а з глыбокае магiлы ўзняўся сiвы прадзед: «Не плач. Я навучу цябе класцi фарбу акуратна i роўна». Нябожчык дастаў з кiшэнi маленечкую бутэльку з залацiстым пакостам, развёў iм густую фарбу, i яна пачала класцiся на метал акуратна i роўна. Хлопчык з прадзедам хутка скончылi працу. Блакiтная агароджа радавала вока.
«Ты пра мяне нiкому не кажы!» – папярэдзiў праўнука нябожчык. Хлопчык акуратна склаў пэндзаль i бляшанку ў папяровы пакет: «Не скажу, бо не павераць».
37. Белыя валасы
Жанчыне прыснiлася, нiбыта яна маладая, i быццам любiцца яна з гожым хлопцам. Той цалуе яе i гладзiць па Белых валасах. Так ён пяшчотна ласцiў яе валасы, што хоць ты i не прачынайся зусiм. Прахапiлася жанчына, не хацелася ёй, а ўсё ж прачнулася, абмацала сваю светлую галаву, а на ёй дзве касы заплецены. Звечара яна расчасала валасы, ды i косы не заплятала гадоў з дзесяць, а тутака косы. У наступную ноч жанчына зноўку снiла гарачыя любошчы i пяшчотныя хлапечыя рукi. Прачнулася яна iзноў з заплеценымi косамi. Абмацала сябе ўсю, косы абмацала i спалохалася. Так яна спужалася, што нават былому мужу патэлефанавала i распавяла пра косы. Муж прыехаў, i яны разам абшукалi ўсю кватэру, але нiчога падазронага не знайшлi. Тады муж параiў схадзiць да варажбiткi. Жонка саромелася iсцi, але муж яе ўгаварыў. Варажбiтка ўважлiва агледзела косы i абвясцiла, што жанчына любошчылася з маладым Дамавiком. Маўляў, толькi малады Дамавiк можа так ласкава заплятаць косы з Белых валасоў. А каб ён болей не прыходзiў i не палохаў сваiмi любошчамi жанчыну, варажбiтка прапанавала абрэзаць валасы i пагалiць галаву. Жанчыне было шкада свае валасы, але i з Дамавiком любiцца больш не хацелася. Белыя валасы варажбiтка зрэзала i спалiла. Муж акуратна пагалiў галаву сваёй былой жонкi. Да паголенай жанчыны Дамавiк не прыходзiў, i нават калi валасы адраслi, ён не з’явiўся ў жаночым сне.
38. Залацiстая рыба
Разбiўся байкер. На вялiкай хуткасцi не ўпiсаўся ў паварот i ўляцеў у цагляную сцяну. На пахаванне назбiралася процьма народу. За хаўтурным сталом людзi сядзелi доўга. Пiлi, закусвалi, цёплыя словы казалi пра нябожчыка, плакалi. Мацi байкера была несуцешнай: адзiны сын, адзiнае дзiця пакiнула яе. Пацiху-патроху людзi разышлiся. За сталом засталася толькi мацi нябожчыка i ягоны найлепшы сябар – Валодзя. Так яны i сядзелi ўдваiх за непрыбраным сталом. Быў чэрвень, быў доўгi, задушлiвы, цяжкi дзень. Быў доўгi стол, пазастаўляны бутэлькамi ды пачастункамi. У самым цэнтры таго стала стаяла вялiкая талерка з засмажанай Залацiстай рыбаю. Тую рыбiну нiхто