Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік). Віктар КазькоЧитать онлайн книгу.
нагу с Ганнай Паўлаўнай, таму што сама аўдавела ўжо даўно. Усе жанчыны на Пцічы былі цяпер удовымі. Канстанцін Васільевіч апошні з мужчын у вёсцы. І цяпер Ганне Паўлаўне няма чаго і няма перад кім дзерці носа. Другі ж гонар старой: яна мела навіну – іншапланецяне прыляцелі. Ганна Паўлаўна раскусіла яе і таму, пэўна, упарта адмаўлялася паверыць у іншапланецян. Выказвала сваю думку-версію наконт іх, настойвала на сваім, бо заўсёды была натурыстай і строгай:
– Ты мне кажаш, што не звер, а я ведаю, што звер.
– Ты ведаеш, а я бачыла на свае вочы.
– Не вер сваім вачам.
– А я вось веру. Быў шар. Чырвоны такі шар. Я яшчэ галавою да яго падсунулася. Бачыш, валасы падсмаліла.
– У печ ты сунула галаву, вось і падсмалілася. Ты ўсё жыццё сунеш галаву ў печ і ходзіш, як сава падсмаленая.
– Сава падсмаленая, – пакрыўдзілася старая. – У мяне газ, не так, як у некаторых.
– I ў некаторых газ, – абсекла яе Ганна Паўлаўна. Усё ж яна была не раўня гэтай старой. Чалавек у той памёр даўно, а ў яе зусім свежанька: – Няма на зямлі ніякіх шароў, не бывае.
– Ёсць, – узрадавалася старая. – Зямля наша круглая з усіх бакоў, як шар.
– Ты сама круглая, з усіх бакоў, як шар.
– Няхай круглая, затое спраўная, не тое як некаторыя, – і, апярэдзіўшы намер Ганны Паўлаўны ўставіць і сюды свае два грошыкі: – Быў напачатку шар, а потым, калі я падсмалілася, у талерку ён ператварыўся, у талерку…
– Талерку ты тую ў магазіне бачыла, – усё ж спыніла яе Ганна Паўлаўна. – Убачыла, колькі яна цяпер каштуе, вось у галаве ўсё ў цябе і памарочылася. Сёння трэба моцная галава, чыгун, а не твае клёпачкі, каб цэны новыя пераварыць.
– Яно так, яно так, цэны сёння не па нашым з табой кашальку і набытку. А талерка ўсё ж была, і зямля наша круглая. Талерку тую і шары чырвоныя не адна я толькі бачыла. Вось і…
– Добра, добра, зямля наша шар, – Ганна Паўлаўна ведала, пра што далей хацела весці гаворку старая. Зранку ў яе хаце перабылі ўжо ўсе пцічанцы, што бачылі на свае вочы талерку, іншапланецян і чырвоны шар. За гэтымі адведкамі і казаннямі яна і забылася пра сваё ці то сненне, ці то яву, забылася, што і гэтай, як і мінулай ноччу, прасіўся пагрэцца ў хату Канстанцін Васільевіч, ледзь не на каленцах умольваў пусціць, а яна прагнала. Але недзе надвячоркам, пад змярканне, калі прыехалі ўжо на дзевяціны дзеці з унукамі, прыгрэлася каля іх, раздумалася, паведала ім пра свой сон і кінулася апранацца. Дачка паспрабавала пярэчыць:
– Куды ты нанач гледзячы. Заўтра ўсе разам адведаем.
– Холадна яму там. Холадна. Я адчуваю. I ў мяне мароз па скуры… Холадна яму. Холадна. – Нібы трызнячы, засяродзілася на гэтым «холадна» Ганна Паўлаўна. Хуценька апранулася, выграблася за парог хаты, нібы ваўчыца з логава. Азіраючыся зверкам, пачыкільгала па адпушчанай ужо, раскіслай вясенняй дарозе да могілак. Дачка з мужам пайшлі следам за ёй. Ішлі не даганяючы і не імкнучыся дагнаць, цягнуліся за ёй, як чужыя за чужой.