Неруш. Віктар КазькоЧитать онлайн книгу.
і замяшаннем. Хоць хвіліна, ды належала яму, ён, на выразу таго ж Шахрая, владел ситуацией, ён таксама здолеў парваць час, разбурыць сувязі і адносіны, якія ён дыктаваў.
– Ну, даражэнькі мой, чаго ж ты там прыліп, давай, не бойся… На паўсагнутых, Алег Віктаравіч, што мне вас вучыць. I пантофлі не губляйце.
– Пераціскаеш, Мацвей Антонавіч.
Як толькі Алег Віктаравіч рушыў на яго, сітуацыя ўжо не вельмі падпарадкоўвалася Мацвею.
– Нічога, праглынеш, – паспрабаваў ён захаваць тую вышыню, што ўжо набраў, але Шахрай выціскаў ужо яго з той вышыні голасам і грувасткасцю сваёй.
– Перайграеш, Мацвейка. А гэта заўсёды небяспечна, як і недайграць.
– А я не хачу іграць, я ўжо нагуляўся ў вашы гульні.
– А ў іх не трэба гуляць, у іх жыць патрэбна.
– Ну і жывіце, Алег Віктаравіч, бывайце здаровы, жывіце багата, а мы… – Мацвей знямог, здаўся, і Шахрай урэшце дазволіў сабе ўсміхнуцца.
– Не, калі пачалі ўжо, дык і працягваць будзем, а то не па правілах будзе. Перад тым як гуляць у нашы гульні, трэба правілы вучыць, што табліцу множання… Усе вы так, на злом галавы, а тут і саломку яшчэ падсцілаць трэба. I гэта галоўнае – падсцілаць саломку. Трэба ўлічваць фактар часу…
Мацвей здрыгануўся, пачуўшы гэты «фактар часу», але выгляду не падаў, слухаў. Шахрай жа змяніў тэму, нават не тэму, ён проста загадаў яму:
– Убірайся, злазь з майго крэсла, на стуліку табе сядзець. З маёй званіцы вышэй і вельмі балюча ўпасці, а так толькі сінякі твае.
– А як жа с фактарам часу? – I тут быў мацнейшым за яго Шахрай, не хапіла вытрымкі, спытаў.
– Аніяк, – адказаў Шахрай, – ты перабежчык, элементарны, гнюсны, як і ўсе яны, калі карабель тоне. Твая перавага ў тым, што ты першы, а так усе вы адной масці. Меліяратар… Меліяратары працуюць, робяць сваю справу. Ты першы завыў, заенчыў, яны маўчаць, грамадскасць, вучоныя – усе ў адну дудку: бедная прырода, бедная прырода, прырода-маці, а хлеб, што мы далі, жаруць. I ты з гэтага хору едакоў. Крыху вымачыла, крыху прымарозіла, крыху высушыла, пылам цябе ахапіла – ты ўжо і сканаў. А галоўны бой яшчэ наперадзе. Ох, якая крутая каша заварваецца. I шкада мне, Мацвей, што ты не са мною…
– Буду есці кашу?
– Пры чым тут каша, каму есці, кажу табе, хапае – не хапае адданых пашай справе людзей, змагароў.
– Я ўжо наглядзеўся на вашы змаганні. Лясы ляцяць, чупрыны трашчаць… Я прагну аднаго: прайсці па гэтай зямлі і не пакінуць і следу.
– Не дадзім, не дазволім, – Шахрай грукае па стале кулаком.
I цяпер усміхаецца ўжо Мацвей:
– Хацеў бы не наслядзіць, Алег Віктаравіч, як наслядзілі мы з вамі ў тым жа Княжборы. Вось што я меў на ўвазе…
– Стоп, стоп, стоп, – зноў ляпае па стале, толькі ўжо далонню, Шахрай.
– Спазніліся стоп загадваць, ужо наслядзілі, нідзе ад гэтага не дзенешся. Толькі крыўдна мне: тварылі разам, адказваць…
– I зноў ты перабіраеш, – перабівае яго Шахрай. – Хто будаваў табе калгас?
– Я толькі начальнік