Неруш. Віктар КазькоЧитать онлайн книгу.
адвёў брытву, і рука яго дрыжала. I гэтая няўпэўненасць Шахрая была ў навіну Мацвею, вымушала яго адначасова быць асцярожным і шчырым. Але абачлівасць перамагла, збаяўся і свайго недарэчнага, як яму здавалася, хвалявання, і таго, каб не сказаць чаго-небудзь лішняга пад руку Шахраю. I, пэўна, усё ж сказаў, толькі пачаў пра абеліск, пра лётчыка.
Алег Віктаравіч рашуча і злосна правёў брытвай па шчацэ, змахнуў пену, і паплыла па падбародку чорная стужка крыві.
– Зноў, так і ведаў, дагалюся да раку, – з прыкрасцю прамовіў ён і не вытрымаў, закрычаў: – Пад суд, пад суд за такія справы!
– Каго пад суд? – не зразумеў Мацвей, – За якія справы?
– За такія… I колькі гектараў тарфянікаў згарэла? – ён беспаспяхова спрабаваў спыніць кроў і адэкалонам, і ёдам.
– Да тысячы паўтары.
Шахрай амаль застагнаў:
– А мой дзед з кумам трыццаць гадоў, да рэвалюцыі яшчэ, судзіліся за паўтары дзесяціны… Ды… Гэта толькі адной бульбай каля трохсот тысяч рублёў. Ды гэта ж наш саўгас ці калгас, які мы толькі думаем будаваць, спалілі… Пазнаю, пазнаю, хто пад суд пайшоў? – Кроў усё яшчэ бегла.
– Ды ніхто, здаецца. Стыхійнае ж бедства…
Стыхійнае бедства Мацвей уплёў, каб паслухаць, што скажа Шахрай. Сам ён так не думаў, не думаў так і Шахрай.
– Пазнаю, пазнаю, стыхійнае бедства. Нічога неверагоднага няма сёння… Залатое дно, павер мне, Мацвей, у нашых палескіх тарфяніках. Жылінскі недарэмна ж, і калі, і колькі той тэхнікі было – лапата, пайшоў у наступ на гэтае дно. Дваццаць пяць тысяч кіламетраў каналаў лапатаю… – I раптам, як хто кухталя яму ў бок сунуў: – I ты сумняваешся, што меліярацыя – залатое дно? – Кроў яму так і не ўдалося спыніць.
– Ды як вам адказаць…
– Шчыра, як я пытаю цябе…
– Шчыра – не. Кожны старшыня калгаса за меліярацыю. Гэта ж раз-два – і ў дамках. Патрэбны нам новыя землі, тыя, што маем, ужо спустошаны. I латка на латцы. Але…
– Што але, працягвай, – Шахрай урэшце спыніў кроў і цяпер ляпіў на радзімку пластыр.
– Ды так, дробязі, эмоцыі. Карова з адкусаным языком, і тое ж стыхійнае бедства, і характар наш… натура наша…
– Які характар, якая натура?
– Шырокія мы і багатыя.
– Не разумею яго.
– А што разумець? Кітаец у кашы на гарбу на гару зямлю цягне, каб граду нейкую займець, японец галінкі, сучкі, кару збірае – і. ўсё да справы. А мы маем вунь колькі гэтых дрэў, і зямлі, і балот, вокам не ахапіць, аж галава кружыцца.
– Усё роўна не разумею. Гэтаму ж толькі радавацца трэба.
– А я і рады. Толькі галава кружыцца, кажу. Іншым разам не-не дый наведае думка: былі б мы трошкі не такімі багатымі…
– Заносіць цябе, Мацвей. На самым пачатку, бачу, заносіць, – у голасе Шахрая не было асуджэння, а толькі цікавасць, і Мацвей загаварыў больш смела.
– Мо і так, нас усіх заносіць. Гарэлку піць дык піць, каб усім чарцям моташна было, будаваць дык будаваць,