Эротические рассказы

Навелы. Андрэ МаруаЧитать онлайн книгу.

Навелы - Андрэ Маруа


Скачать книгу
запытала яна. – Вы паставілі мяне ў тупік. У маім жыцці было шмат усякіх здарэнняў і прыгод.

      – І, мабыць, яшчэ будуць.

      – О не! Я старэю, не лятаю арлом пад нябёсамі… Іначай кажучы, мне патрэбен спакой… Мяне цалкам задавальняе, калі я вечарам застаюся адна і магу перачытаць даўнейшыя лісты альбо паслухаць пласцінку.

      – Быць не можа, каб ад вас адвярнуліся кавалеры… Ваш твар захаваў усю сваю прыгажосць, а сляды багатага вопыту і, магчыма, перажытых пакут нават надаюць яму нешта ўзвышанае… Гэта чаруе, прываблівае…

      – Ласкавае слова прыемна чуць… Так, у мяне яшчэ ёсць паклоннікі. Але бяда ў тым, што я ім не веру. На жаль, я надта добра ведаю людзей: пакуль дабіваюцца, гараць як агонь, потым абыякавасць… альбо рэўнасць. І я сабе кажу: нашто мне яшчэ раз ублытвацца ў камедыю, развязка якой мне зараней вядома?.. У маладосці – іншая справа. Кожны раз мне здавалася, што я знайшла чалавека цудоўнага, які мяне вырве з няпэўнасці. Я імкнулася да яго з чыстым сэрцам. Ды вось, усяго пяць гадоў назад, калі я пазнаёмілася з Рэно, маім мужам, у мяне было ўражанне быццам новы свет мне адкрыўся. Ён быў дужы, нават звераваты. Ён развеяў усе мае падазрэнні, смяяўся з маіх страхаў, з маёй пераборлівасці. Я ўбачыла ў ім збавіцеля. І зусім ён не быў ідэальны – культуры мала, грубасці многа – але ён мне прынёс тое, чаго я ніколі не мела: цвёрдую глебу… Выратавальны круг… Ва ўсякім разе, тады я так думала.

      – А цяпер так не думаеце?

      – Не пытайцеся, самі ведаеце. У Рэно былі страшэнныя няўдачы. Я павінна была яго падбадзёрваць, супакойваць, падтрымліваць. Абараняла абаронцу… Людзі сапраўды моцныя – вялікая рэдкасць.

      – А вам даводзілася сустракаць такога?

      – Аднойчы даводзілася. І не вельмі даўно, у абставінах выключных… Ах, так!.. Вы ж просіце, каб я вам расказала самую дзіўную гісторыю з майго жыцця… Тады слухайце!

      – Калі ласка, калі ласка.

      – Божа мой! Вось яшчэ мне клопат! Капайся, разварушвай успаміны… І потым гэта даволі доўга, а вы заўсёды спяшаецеся. Ёсць у вас час ці вы проста так?..

      – Ёсць, ёсць. Я вас слухаю.

      – Ну што ж, паспрабую… Скінем дваццаць гадоў. Была я тады ўдава, і вельмі маладая… Вы памятаеце майго першага мужа? Я выйшла замуж па волі бацькоў за чалавека значна за мяне старэйшага, да якога я адчувала прыхільнасць, ну так, прыхільнасць, як дачка да бацькі. Я любіла яго, мабыць, ад вялікай удзячнасці, але радасці асаблівай не мела. Праз тры гады ён памёр, пакінуўшы мне немалы дастатак, так што раптам, пасля апекі радні і пасля мужавай апекі, я вырвалася на прастор, стала гаспадыняй сваіх учынкаў і свайго лёсу. Без пахвальбы магу сказаць, была я тады нішто сабе, даволі прыгожая.

      – Я сказаў бы: вельмі прыгожая.

      – Дапусцім, калі вам так хочацца… Але як бы там ні было, кавалеры круціліся каля мяне роем. Маім абраннікам стаў малады амерыканец Джэк Паркер. Некаторыя з французаў, яго сапернікі, падабаліся мне больш. Яны падзялялі мае густы, умелі дагаджаць, гаварыць кампліменты. Джэк чытаў мала, у музыцы не разбіраўся, прызнаваў толькі джаз і блюзы, а ў жывапісе трымаўся за моду, як дзіця за няньку. У каханні прызнавацца


Скачать книгу
Яндекс.Метрика