Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь МудроўЧитать онлайн книгу.
на наш канцэрт…
Я рашуча трасу галавой. Як я магу застацца, калі там, на другім канцы Зямлі, мяне чакаюць Мішка Зыль і Галка Патрыкеева?
Я павінен усё запомніць: рамонкавую паляну, празрыстае неба, вялізную яму з брустверам свежай зямлі па краях. Музыкі стаяць каля яміны дакладна ў тых жа паставах, што і на капэрце. Я нават заўважаю, што Джоленанавыя нагавіцы пукацяцца на каленях.
Набіраю поўныя лёгкія паветра, нырцую ў апраметную, і слых мой поўніцца злавесным гудам электрабрытвы. Гэта Юрка голіцца ў ванным пакоі. Я пасміхаюся спрасонку. Ну што там галіць – так, адзін пух на барадзе, але братан шторанку зумкае электрабрытвай. Відаць, таму, што зумкалкі такой няма ва ўсім горадзе. Шведская, з ратацыйнымі лёзамі. Бацька прывёз з-за мяжы.
Юрка гучна, са свістам, дзьмухае – выдзімае з брытвы пух, і неўзабаве крычыць:
– Уставай, лежань!
Я падымаюся, у два крокі падыходжу да серванта, уважліва гляджу на фотаздымак, і мне здаецца, што Джоленан пазмоўніцку міргае мне правым вокам. Хоць і спраўна склеіў капэрту, але месца разрыву белай рысай бяжыць па паперы і верхні край прыкметна пакамечаны. Я азіраюся – ці не йдзе братан – і тут жа спалохана падскокваю: гэта кот Маркіз вырашыў пацерціся аб маю голую галёнку.
Карты не хлусяць
Па абедзе ўсчалася задуха і паветра стала такім густым, што яго, здаецца, можна было памацаць рукамі. Вуліца Прафінтэрнаўская ўражвала сваёй пустэльнасцю – нават куры, тутэйшыя заўсёднікі, некуды пахаваліся, – і толькі ў дальнім яе канцы, насупраць харчовай крамы, завіхаліся трое мужчынаў. Мужчыны ставілі піўную летамку – даўжэзную, падобную да авіяцыйнага ангара, з малюнкам пеністага кухля на тарцы і надпісам «Богров» на франтоне.
Вуліца была спрэс забудаваная драўлянымі хацінамі, і ў адной з хат – трэцяй па ліку, калі лічыць ад крамы, – сядзелі дзве старыя кабеты. Адна з іх, Макеіха, мажная целам і з твару непрывабная; другая, Аўрора Леанідаўна – былая настаўніца – на два гады маладзейшая, густа-сівая, сухарэбрая і, як той Бураціна, вастраносая.
Сухарэбрыца варажыла на картах. Паслініўшы палец, былая настаўніца спрытна ператасавала карты, працягнула калоду Макеісе.
– Здымі…
Макеіха тыцнула калоду закарузлым мезенцам…
– Колькі разоў казаць: ад сэрца трэба здымаць, ад сэрца, – з панікай у голасе азвалася Аўрора Леанідаўна і, ператасаваўшы калоду, зморана выдыхнула: – Божухна, задуха якая… навальніцай пахне.
– Па тэлевізары казалі: без ападкаў, – Макеіха зацята глядзела тэлевізійныя навіны і, як і ўсе астатнія пенсіянеркі Прафінтэрнаўскай вуліцы, верыла кожнаму прамоўленаму па целеку слову.
Карты паклаліся роўным шыхтом, і варожка ўстурбавана шморгнула носам.
– Ізноў нейкія слёзы, нейкія непрыемныя размовы…
– А з кім жа я буду размаўляць? – Макеіха абмахнулася хусцінкай, выцерла пот з ілба.
– А вось з гэтай званковай дамай.
– Ці не з Хадорыхай? – старая абурана пачухала бульбаваты нос. – Але мы з ёю яшчэ пазаўчора аб усім пагаманілі.