Звычайны шоу-бізнес (зборнік). Юры НесцярэнкаЧитать онлайн книгу.
спрабавала разабрацца з гэтым пытаннем яшчэ хвілінаў пятнаццаць – дваццаць. Але яе нервовая сістэма больш вытрымаць не магла – яны з унукам пакінулі залу.
У хлопчыка, які стараўся не адставаць ад бабулі, увесь час было нейкае дзіўнае адчуванне. Ён даганяў яе і спрабаваў зазірнуць у вочы. Але бабуля (якая, дарэчы, уяўляла сабой высокую прыгожую жанчыну, рудавалосую, скандынаўскага тыпу – яе продкі былі аднекуль з Даніі) упэўнена крочыла да аўтамабільнай стаянкі і, здавалася, не звяртала на ўнука ўвагі. Хлопчыку так карцела пагаварыць з ёй пра незвычайнага саксафаніста. Але ён ніяк не мог знайсці патрэбных слоў, каб расказаць, што даўным-даўно, значна болей часу, чым ён жыве на гэтым свеце, нешта падобнае на сустрэчу з такім самым дзіўным музыкам ужо аднойчы адбывалася…
Хроніка снегападаў
«Верагодна, праблемы распаўсюджвання гукавых хваляў, спецыфіка іхняга адбітку ў закрытым памяшканні, а таксама канструкцыйныя асаблівасці электраакустычных сістэмаў не дужа хвалявалі публіку, што сабралася ў фае невялікага вясковага клуба. Гэта было зразумела па тым, як на дзвюх вялізных калонках, што ўвасаблялі ўсю гукавую моц мясцовага ансамбля, ляжала аграмадная гара зімовых паліто, футраў, цёплых куртак. Адзенне бесцырымонна закрывала амаль што палову пярэдняй панэлі з дынамікамі ў кожнай з калонак. Неўзабаве высветлілася своеасаблівая сувязь паміж адсутнасцю гардэроба і якасцю гучання вакальна-інструментальнага ансамбля.
Танцавальная праграма адкрывалася бадзёрай песенькай у выкананні чатырох музыкаў – басіста, барабаншчыка, клавішніка і вакаліста-гітарыста. Асноўную масу прысутных складалі дзяўчаты, якія аказаліся больш лёгкімі на пад’ём. Яны тут жа апынуліся перад “сцэнай” і пачалі танчыць. Мужчынская частка не дужа актыўна далучалася да сваіх сябровак, ці то з-за жадання паказаць сваю сталую разважлівасць, ці то з нагоды добрых порцый прынятага спіртнога – Новы год як-ніяк. Але, нягледзячы на запаволеную рэакцыю, з часам у зале з’явіліся пэўныя фаварыты танцавальнага мастацтва. Музыканты з энтузіязмам падтрымлівалі агульную весялосць.
Першым пакінуў імправізаваную эстраду клавішнік. Ён быў кіраўніком ансамбля, да таго ж самым старэйшым з удзельнікаў, яму было дваццаць пяць. У дадатак да ўсяго ён яшчэ выконваў функцыі загадчыка клуба, таму патлумачыць калегам, што яму неабходна тэрмінова адысціся “па рабоце”, было нескладана.
Другім знік басіст. У зале нарэшце з’явілася дзяўчына, якую ён з нецярплівасцю чакаў яшчэ ад пачатку імпрэзы. Гітарыст раптам убачыў басіста ў цэнтры залы. Ён танчыў.
Нават не – басіст быў у стане выканання сапраўднага рытуалу. Напэўна, усё ж такі жыццесцвярджальнага характару, але здавалася, што ён прынясе смерць любому, хто асмеліцца наблізіцца да яго ўдзельнікаў. Басіст выкручваўся вакол сваёй каханай, падаў на калені, адкідваўся на спіну. Потым падхопліваўся і ў дзікім захапленні зноў кружыў вакол аб’екта пажадлівасці. Скончылася гэта ў хуткім