Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
паліў рымскія караблі, што плылі скараць ягоныя родныя Сіракузы. І падыходзіць пад сэнс надпісу над уваходам! – голас доктара стаўся вінавата-няўпэўненым. – Калі б раптам выявілася, што Пандора дае ключ менавіта да гэтага вынаходніцтва, яго варта было б пашукаць.
– Фаўст, ты зноў захапляешся немагчымым! – напружана зазначыла Саламея. – Ніводзін агонь не можа ператварыць у попел камяні і метал!
– Калісьці сцвярджалі, што павозка сама па сабе ніколі не паедзе. А мы самі бачылі машыну Пфальцмана з вадзяным рухавіком, – упарта прагаварыў Лёднік. – Гадоў трыста таму ніхто не мог уявіць, што гадзіннік можа быць такім маленькім, што яго стануць насіць на шыі, што ткаць і прасці будуць станкі, што за акіянам адкрыюцца новыя землі, населеныя народам з даўняй культурай… Якісьці барон ці маркіз сядзеў у сваім замку і быў упэўнены, што ніякі кароль яго за каменнымі мурамі не дастане – але з’яўляюцца гарматы, і барон вымушаны рабіць свае землі часткай вялікай дзяржавы… У індыйскім эпасе ёсць апісанне “дроціка Індры” – смяротнай зброі ў выглядзе промня свету. Прамень выходзіў ад круглага адбівальніка, магчыма, люстэрка, і цэліўся па гуку. Можа быць, гэта і ёсць зброя доктара Дзі?
Пранціш уявіў, каб яму дастаўся такі вогненны меч – на што ні направіў ягоны прамень, спаліць, спапяліць. Ото славы здабыў бы з такой сілай!
А з другога боку – якая ж гэта слава, калі перамога здабываецца не смеласцю, не стратэгіяй, не ўмелым валоданнем зброяй – а проста таму, што табе ў рукі трапіла смяротная штуковіна, якой больш ні ў кога няма. Ты можаш быць слабым, баязлівым, сквапным, падлючым… Галоўнае, амбітным. Наставіў прамень, і перад табой гекатомба… Чым жа тут ганарыцца? Пранцішаў бацька нават агнястрэльнай зброяй пагарджаў, кажучы, што ад яе заняпад у Рэчы Паспалітай высакароднага мастацтва фехтавання…
Сумненні студыёзуса агучыла Саламея:
– Дапусцім, Бутрым, ты здабудзеш сакрэт люстэрка, ад якога спапяляецца жалеза. І каму ты яго аддасі, і што з гэтага будзе? Вайна, якой яшчэ не здаралася? Не з тысячамі, а з мільёнамі ахвяраў? Твая цікаўнасць вартая такога, Фаўст?
Лёднік сядзеў, абшчаперыўшы галаву. Загаварыў глуха:
– Вы проста не разумееце, як гэта вабіць… Усе гэтыя таемныя навукі… Бо не спазналі, на сваё шчасце, іх атруту, якую я піў поўнымі кубкамі. Як гэта… хвалюе, круціць галаву – новыя веды, новыя адкрыцці, недаступныя “звычайнаму” чалавеку… І як цяжка ўстрымацца, бачучы перад сабой чарговага малапісьменнага багатага хамуйлу, ад таго, каб збіць з яго фанабэрыю якойсьці просценькай дэманстрацыяй магіі… Вось уладар, пыхлівы, задаволены жыццём, які ўважае цябе за рабака. А табе зоркі паведамляюць пра ягоную вартую жалю будучыню, і ад цябе залежыць, ці не скіраваць пыхліўца да бездані… Гэтая сатанінская амарока дужа моцная – наконт усемагутнасці. Разумееш, што гэта амарока, толькі калі пачынаеш гінуць. Не, не хачу!
Лёднік рашуча ўстаў, падыйшоў да вакна, расчыніў шыбы і з усяе сілы шпурнуў у цемру