Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
Вячка. – Твая сяброўка дык не супраць была. Ведаеш, – стваральнік фэнтэзі глядзеў некуды ўбок, – я табе доўга дараваць гэтага не мог – цяпер можна сказаць, калі ўсё забылася. Я ж успрыняў напачатку наша знаёмства надта сур’ёзна. А як пабачыў, што ты прывяла гэтую дурную журналістачку, ды на мяне нацкавала, а сама побач стаяла і пасміхалася… Ну, зразумеў, якога дурня зваляў. Цяпер – усё, не бойся. Ніякай эротыкі. Ну, што табе губляць? Такое ўжо цікавае жыццё ў цябе?
Ася захінула твар рукамі. Вар’яцтва. А яшчэ ўсведамленне, што два гады таму ўсё магло атрымацца… Калі б не гэтая Волька… Калі б Ася насмелілася сама загаварыць з вялікім і жахлівым Вячкам, які, аказваецца, зусім не такі ўпэўнены ў сваёй пераможнасці, здольны збянтэжыцца і пакрыўдзіцца… Каб яна выявіла сваю зацікаўленасць – ну хоць на пялёстак незабудкі…
Позна.
– Я не ваша гераіня. У мяне не цёмныя, а попельныя валасы. У мяне… праца.
Скрыніч пераможна ўсміхнуўся.
– Валасы пафарбуем. Імя зменім. З працы звольнімся… – І, пабачыўшы жах суразмоўцы, паспешліва дадаў: – Ды жартую я, жартую… Гэта ўсё насамрэч не мае значэння. Дэталі, антураж… Галоўнае – сэнс… Мэсэдж. – І прагаварыў ціха і сур’ёзна, узважыўшы рукапіс у руках. – Гэта лепшы мой раман. І ён дужа цікавы. І… апошні. Павер, ты не пашкадуеш. Ну, Аліса, ты гатовая сягнуць у Залюстрэчча?
Вячка ўстаў урачыста, як камандзір атрада перад бітвай. Ася таксама павольна паднялася – галава кружылася… Праца… тэчкі… кабінет… пазыка – кватэра – туга-туга-туга… І прамовіла, страсаючы з сябе рэшткі былога жыцця:
– Я згодная.
Раздзел 3. Паляванне на дацэнта
– Ганьба! Ганьба! Далоў! – Алесь на чале студэнтаў літаратурнага аддзялення педфака ўварваўся ў аўдыторыю. Нянавісць пульсавала ў скронях, змушала голас зрывацца… Пыльнае святло працэджвалася скрозь шыбы і заставалася ляжаць на паркетнай падлозе ромбамі, падзеленымі цёмнымі крыжамі, – якраз месца для ахвяры…
Той, хто быў прычынай нянавісці, стаяў на ўзвышэнні ля новенькай, лакаванай кафедры, якую не паспелі шчэ абцерхаць тэчкі з дакладамі выкладчыкаў. Вось такіх, як гэты, панскае адроддзе, Апанас Іванавіч Корб-Варановіч.… Інтэлігентнага выгляду, высокі, плячысты, гадоў пад сорак. Цёмныя вусікі, акуратная кароткая прычоска, шэры касцюмчык з гальштукам… Выпісаны з Ленінграда дацэнт. А як відаць, у прафесары цэліць. Нават цяпер, твар у твар з раз’юшаным натоўпам, – паважны, фанабэрысты… Ні свярбіць, ні баліць. Халодны пагляд шэрых вачэй з чорнымі вейкамі з-за круглых шкельцаў акуляраў, і так і ўяўляецца над высокім упартым ілбом лаўровы вянок.
– Мы адмаўляемся здаваць вам залік!
З-за спіны Алеся азваўся дружны хор ухвалы.
– Мы не будзем слухаць лекцыі чарнасоценца і шавініста! Студэнты загарлалі, пад столь аўдыторыі пачалі ўзлятаць сшыткі, губляючы лісты, нібыта нехта хацеў ажывіць мёртвых птушак.
– І чаго вы дабіваецеся, Вяжэвіч? – дацэнт стараўся гаварыць дастаткова гучна, каб яго было