Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
як відаць нагадвала мурашнік, завешаны цынкавымі тазікамі, кожны катух тут быў прыстасаваны да жылля. З аднаго з адсекаў вызірнула кабета ў шэрай кофце з падкасанымі рукавамі і сіняй паркалёвай спадніцы, з неахайным сівым вузлом на галаве, падобная да булачніцы, у якой дзятва толькі што пакрала ўсе булкі. Пантофлі на ейных нагах нагадвалі двух раздушаных трамваем пацукоў.
– Чаго трэба?
– Тут жыве грамадзянка Марына Паўлаўна Корб-Варановіч?
Нават касцяныя гузікі на кофце кабеты заззялі зласлівай радасцю.
– Нарэшце! Дайшло да жылкама, што тут прапісаны шкодны элемент, які перашкаджае жыць пралетарыяту.
– Ты ўжо пралетарыят, Марфа! – азваўся з глыбіні пакоя, з якога вызірнула кабета, насмешны мужчынскі голас з п’янаватай хрыпатцой. – Ці даўно семкі на Віцебскім вакзале прадавала? Не слухайце яе, грамадзяне начальнікі, Марынка добрая баба. І сынок яе харошы. Ціхія, спагадныя…
– Маўчы, боўдзіла! А то за сваёй Марынкай зараз у кантору пойдзеш! – лена гукнула кабета ўглыб пакоя і зноў утаропілася ў Аўтуха, чыя вайсковая форма, безумоўна, была для яе гарантыяй навядзення парадку ў кватэры і надзеяй адхапіць пару лішніх метраў за кошт выселенай «контры». – Там яны жывуць, элементы, па правы бок калідора, апошнія дзверы. Дома яна, нават калі не адчыніць. Вы, таварыш начальнік, разбярыцеся, з чаго гэта нейкая пані будзе пакой займаць, які пралетарыяту належаць павінен! Да яе ўвесь час муж-буржуй прыязджае, у акулярах і капелюху. Прадукты чамаданамі возіць! Мальцу свайму веласіпед купіў. За якія грошы? Яна нават хрысціцца – сама бачыла! А я свядомая, я ў Бога не веру! Чуеце, людзі, зараз Марынку высяляць будуць!
Апошнія словы цётка крычала ўжо за спінамі студэнцкай дэлегацыі.
Напэўна, тыя крыкі было добра чуваць і ў апошнім пакоі справа па калідоры. Таму што дзверы яго адчыніліся, варта было Алесю адзін раз нягучна стукнуць.
Худзенькая жанчына з укладзенымі на галаве русявымі косамі, у штапельнай сукеначцы ў дробныя брунатна-бэжавыя кветкі з бялюткім каўняром з усіх сілаў намагалася захоўваць спакой і выглядаць годна. Але тонкая яе рука, што трымалася за сцяну, дробна дрыжэла. Гэта было вельмі непрыемна назіраць, і Алесь перавёў вочы на твар з далікатнымі нервовымі рысамі.
– Вы Марына Корб-Варановіч? Мы з Беларусі, з Менска. Студэнты ўніверсітэта.
У вялікіх блакітных вачах, абкружаных тонкай сеткай зморшчын, палыхнуўся жах.
– Што… што з Апанасам?
– Ды нічога з ім не здарылася, не хвалюйцеся вы так, – гэта прамовіла Вераніка, якая чамусьці страціла ваяўнічы запал.
– Мы проста хочам спытаць тое-сёе, – Аўтух Папара, які лічыў сябе чалавекам бывалым, адагнаў няёмкасць, як класавага ворага. – Можа, мы зойдзем? У вас тут шумна, на калідоры…
Жанчына неахвотна зрабіла запрашальны жэст, і студэнты ўваліліся ў пакой, у якім адразу стала невыносна цесна. Алесь з цікаўнасцю агледзеўся. Абстаноўка была спартанская. Шафа, два жалезныя ложкі