Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
што Дзям'ян Стасевіч больш не рэктар універсітэта?
– А яго за што? – недаўменна паціснуў плячыма Янук. – Крышталёва чысты перад савецкай уладай чалавек. За палякамі сядзеў як рэвалюцынер.
– А цяпер – беларускі нацыяналіст, – зазначыў Рыгорка без заўсёднай усмешкі.– Як Шпадарук, як Антось Злыкун… Як Севачка…
– Як усе мы, – падрахаваў Антось.
– Я не нацыяналіст, я патрыёт! – ускочыў з месца Цыпрыян і смешна замахаў доўгімі рукамі.– Калі я каго пакрыўдзіў з іншага народу пагардай да чагось ягонага? Навучыліся паняцці падмяняць! Люблю рускае – патрыёт-інтэрнацыяналіст. А калі сваё – не даказваю, заўважце, што яно, маё, лепшае або адзіна вартае, не… Толькі паважаю за не горшае, вартае любові і права на жыццё… Тады я – нацыяналіст! Вораг!
– Сядзь! – тузануў прамоўцу за крысо Міхась. – Пра гэта мы ўсе неаднойчы выказаліся. Таму і прыйшлі сюды.
Ён нетаропка дастаў з глыбокай кішэні паперы, акуратна загорнутыя ў хустачку. Павярнуўся да Антося, пільна паглядзеў у ягоныя сінія вочы, памаўчаў. Усе стаіліся.
Нарэшце загаварыў – важка і цвёрда:
– Я праверыў. Да якіх крыніц толькі змог дабрацца. Нават з'ездзіў у твой Старавежск. Перагартаў гару дакументаў. На жаль, я не так добра ведаю старажытнагрэчаскую, як латынь. Але асабліва складаныя мясціны мне дапамог перакласці сам Сахнут-Бічэўскі. Вядома, я не тлумачыў, для чаго. Да таго ж прафесар лічыць мяне як бы магчымым пераемнікам у навуцы. Так што я ў ягонай хатняй бібліятэцы – як у сваёй. Вось і скарыстаўся напоўніцу, да нахабства. І цяпер магу сказаць… Вельмі верагодна – заўважце, я не сцвярджаю адназначна, – але вельмі, вельмі верагодна, што ты, Антось, з'яўляешся нашчадкам візантыйскіх імператараў Палеалогаў, дакладней, апошняга з іх, Канстанціна ХІ Палеалога.
– Жыве Каралеўства Беларусь! – ускочыў Цыпрыян са сваёй лаўкі.
Астатнія падхапілі яго вокліч, і вароны з абураным карканнем паўзляталі з таполяў, абрынуўшы на магільныя камяні і сцяжынкі залаты дождж лістоты.
Антося кінула ў жар.
– Ты ўпэўнены? Няўжо сямейныя паданні – праўда?
– Глядзі! – Міхась сагнаў з лаўкі Цыпрыяна і на вольным месцы расклаў паперы. Усе згрувасціліся вакол – галава да галавы. – Вось… Гэта нават неспецыяліст зразумее. Малюнак твайго пярсцёнка. А тут – павялічаны фрагмент партрэта візантыйскага імператара другой паловы ХІІІ стагоддзя Міхаіла УІІІ, заснавальніка дынастыі. Бачыце? Такі самы пярсцёнак! Роўнаканцовы крыж, па краях – грэчаскія літары… Ніякіх камянёў, просты метал. А гэта выпіска з тэстамента падкаморага Юрася Дарбута, складзенага ў 1453 годзе. Адразу пасля таго, як у Еўропу дайшлі весткі пра смерць апошняга візантыйскага імператара – загінуў у бойцы з туркамі, абраняючы свой горад. Падкаморы меў траіх дзяцей. Старэйшага сына, Канстанціна, – ад нядоўгага шлюбу з Агнай Чагноўскай, дачкой старавежскага ваяводы, і яшчэ дзвюх дачок ад другога шлюбу. Вось ад гэтага Канстанціна (звярніце