Мінакі. Аляксей ТалстоўЧитать онлайн книгу.
натоўп гнаў іх прэч ад цэнтральных пляцаў. Акрываўленая разьдзертая вопратка, зьбітыя ногі. Наўздагон несьліся праклёны, брудная лаянка ды атручаныя дроцікі.
Іх заганялі ў глухія завулкі ды білі нажамі. Мужчынаў гвалцілі ды білі нагамі ў твар, пакуль ад яго не заставалася адно крывавае месіва.
Жанчын прымушалі нараджаць…
Тых, хто падаў, заколвалі віламі ці перабівалі ім сякерамі шыі…
Аналагавыя недарэчнасьці, сэпэршоў, бі-бі. Іх гналі прэч з наседжаных месцаў, гналі, як шкодных ды небясьпечных плюшавых сябручкоў…
Залаты век талерантнасьці…
У імя.
Але цалкам верагодна, што такое апісаньне не адпавядала рэчаіснасьці. Канечне, хутчэй за ўсё гэта толькі сухая трактоўка першага ўражаньня, пазбаўленая якіх бы там ні было спробаў пакорпацца ў сапраўднай сутнасьці чалавека, зазірнуць у глыбіню сэрца, якое не заўжды бывае такім непаўнаводным. Але правілы ёсьць правілы. Ды і часу ж няма. Ні часу, ні жаданьня асаблівага. Зазвычай усё менавіта так, і аб’ектыўнасьць у чарговы раз перамагае. А насамрэч пацан жа быў зусім не такі. Нават поўная супрацьлегласьць. Зусім іншыя характарыстыкі ў галаве… некага яшчэ. Каму судзіць? Каму верыць? Канечне…
Адчыненая фортка напаўняла пакой сьвежасьцю. Ахайна прыбраны ложак, чыстыя шпалеры і лёгкая пара над кубкам ранішняй гарбаты. А можа і вечаровай. Адно, чаго не ставала, – гэта разабрацца з часам і пачаць нарэшце фільтраваць думкі… думкі… думкі. А так пакою патрэбна толькі сьвежае паветра, ну, і яшчэ, можа, некалькі гукаў. Падумала – і падышла, і націснула пімпачку на калёнцы, і закінула ў плэйліст тэчку. “Менавіта тое, што сёньня мне найбольш адпавядае”, – так і ёсьць, галоўнае – граматна адзначыць пункт старту. І, спакойна набіраючы хуткасьць, не панікаваць і слухаць дынамік. І яшчэ не забываць трымаць у полі зроку зямлю, бо рызыкаваць вяртаньнем – ніколі не было праяваю добрага густу. Але ўсё гэта – толькі развагі пра абстракцыі. Пра ўлюбёную вытанчанасьць ды ўзьнёсласьць. Яна выдатна разумела, што грунтуе сваё жыцьцё на дэталях, на маленькіх фрагмэнтах, на чымсьці канкрэтным, што само па сабе толькі частка агульнай карцінкі. Імгненьне фотакарткі, дзе дзяўчына, якая так імкнецца нарэшце адбыцца, стаць сабою, стаць чымсьці цэлым, створаным з самых лепшых, самых прыгожых аскепкаў разьбітага люстра сусьвету. Сьцьвярджэньне. Часам дастаткова любі-май мэлёдыі ці нават паху для таго, каб адчуць упэўненасьць, каб надаць розуму яснасьці. Зрабіць пачуцьці больш яркімі ды ператварыць усю гэтую бясформенасьць у каралеўства якіх-ніякіх, але хіба троху сыстэматызаваных вобразаў. Калаж? Толькі ня трэба падсоўваць ёй гэтую танную фігню. Трэба адрозьніваць мастацтва ад рэальнасьці, выявы ад аб’ектаў. Словы… Словы ад словаў.
Можа, ранак і быў трохі сумны, але няма ніякіх прычынаў для хваляваньня. Усё тлумачыцца вельмі проста. Не заўжды хочацца рабіць тое, што хочацца рабіць. Напрыклад, так. І абавязкова дадаць, што ўсё гэта часова і што плітка чакаляды