На заснежаны востраў. Анка УпалаЧитать онлайн книгу.
неадчувальная. А ўжо калі потым апранеш сухую вопратку: джынсы, кашулю, кофту, куртку – пачуваешся зусім выдатна, нягледзячы на мокры азадак.
Пасля майго купання мы планавалі прагуляцца ў адзіную ў мястэчку прадуктовую краму. Ля інтэрната боўтаецца невысокая тонкая постаць – некуды брыдзе задуменная Фартун. Штосьці ёсць у ёй ад Чайлд Гарольда: смутак і расчараванне яна носіць у сэрцы – гэта разумееш з часам.
– Фартун, пойдзеш з намі?
Сонца прывабна нагрэла схіл за будынкам інтэрната, і мы апускаемся на сухую траву пад вішнёвым дрэвам, каб троху пасядзець перад шпацырам. Сядзім адны нядоўга.
– Ты проста рок-зорка, – кажа Тунтэматон выкладчыца Інгер, рашучая, моцная характарам спадарыня, якая спынілася каля нас і з цікавасцю разглядае нашую сябрыну. Тым часам Тунтэматон нават не наважваецца насіць свой напульснік.
Намі многія цікавяцца. Увэ, напрыклад. Тунтэматон кпіць з мяне, маўляў, я яму падабаюся, бо ён заўжды паглядае, калі мы ідзем. Але я асабіста так не думаю.
Пакуль гутарым з Інгер (а яна, выяўляецца, яшчэ і журналістка), да нашай кампаніі прымыкае высокі рудавалосы і ўвесь у рабацінках Расці, ціхі ветлівы шведскі хлопец, з якім да сёння мы аніразу не размаўлялі, але віталіся. Ён вучыцца на музычным курсе. Відаць, таксама нудзіцца на самоце. Урэшце, да крамы мы выпраўляемся ўчатырох, адмовіўшыся ад прапановы Інгер падкінуць нас на аўто.
Фартун і Расці падзіўляюцца, што я плавала сёння.
– Ты мо хочаш зрабіцца “мэрмэйлад”? – пытае Фартун.
Англійскае слова “mermaid” (“русалка”) Фартун увязала з мармеладам – не знарок, а таму што ўвесь час блытае падобныя словы. Напрыклад, запісвае на дошцы слова ”gravitation” – гравітацыя – як ”gravidation”. Атрымліваецца “цяжарнацыя”, бо “gravid” па-шведску значыць “цяжарная”.
Складана ўтрымацца, каб не развесяліцца, але Фартун крыўдуе.
– Вы ўвесь час толькі смяецеся з мяне. Не буду вам больш нічога казаць.
Даводзіцца выбачацца.
– А я збіраюся паспрабаваць лавіць пакемонаў, – кажа Расці.
Пакемонаў вечарамі ловяць дзеці на сцяжыне ўздоўж возера, па якой мы шпацыруем. Аднойчы, калі я чытала паведамленне ў тэлефоне, малы хлопчык спытаўся, ці не займаюся і я тым самым.
– Іх і так тут шмат хто ловіць, – кажу я, – давайце лепш абараняць правы пакемонаў на прывольнае жыццё. Можам зарэгістраваць экалагічную арганізацыю.
– Але кіраўніцтву ўсё адно будзе дазваляцца лавіць пакемонаў, калі вельмі захочацца, – удакладняе Расці.
– Як кожная арганізацыя, мы мусім мець двайныя стандарты, – іранізуе Тунтэматон.
33
– Я ведаю, як выглядаюць чарніцы, я нават ела іх! – абураецца Тунтэматон, бо мне вельмі смешна.
За абедам яна падсоўвае мне пад нос свой тэлефон.
– Вось, для тых, хто любіць спрачацца.
На экране тэлефона – ягады, знойдзеныя па запыце “чарніцы”. Яны вельмі падобныя да тых, што саспелі на двухметровым кусце пры дарозе.
– Тунтэматон, кусцік чарніц во такенькі вырастае, – я паказваю далонямі