На заснежаны востраў. Анка УпалаЧитать онлайн книгу.
кепарык на вочы, на стале – бляшанка піва ці энергетыку. Побач – яе светлавалосы і вечна разгублены сябрук Лінус з мяккім выразам твару, далікатнай скурай і падрапанай шчакой. Не курыць, але складае кампанію.
Мацільда заўжды пры макіяжы і фарбуе вусны ў ружовы. Я ж, наадварот, гэтым летам, калі павыйшлі касметычныя запасы, амаль перастала фарбавацца і знаходжу гэта вельмі зручным.
Я храпу і загадзя выбачылася за гэта перад суседкай. Але, на шчасце, Мацільда моцна спіць і нічога ўначы не чуе. Раніцай яна не можа прачнуцца, не чуе будзільніка ў тэлефоне. Ён звоніць доўга і гучна, але прачынаюся па ім толькі я. За гэта Мацільда, у сваю чаргу, прыносіла мне свае выбачэнні. Мы збольшага датрымліваемся палітэсу.
Але ўсё адно нам няёмка разам у адным пакоі, мы выцягнутыя з розных пластоў жыцця, як грыбы ці ягады. Пасля заняткаў Мацільда тусіць з дзяўчынкамі і хлопчыкамі свайго ўзросту – Лілі, Франк, хто там яшчэ…
Увечары мне няма з кім словам перакінуцца, і я не ведаю чым сябе заняць.
10
Ніколі ў жыцці я не пісала хайку, а тут нам задалі напісаць некалькі па-шведску. У мяне атрымалася так:
Бляск асляпляльны.
Птаства бавіцца ў вецці.
Ляжу на траве.
Восень дыхае.
Дождж у барабаны б’е.
Ложак бяссонны.
Асабліва я ўпадабала тыя, што склалі Ніна, Зэйн і Ванг Вэй. У Зэйна хлапчукова-сярдзітае:
Вецер дзьме моцна.
Мора і бераг б’юцца.
Шафёр злуецца.
Маўклівы дзевятнаццацігадовы Ванг Вэй з Шанхая – згуба дзявочых сэрцаў. У інтэрнат часам наведваецца яго дзяўчына. На ягонай шыі – след ад пацалункаў.
Большае стома.
Ты на мяне палюеш.
Холад па целе.
Ніне яшчэ не пацвердзілі яе ўніверсітэцкі дыплом. Яна працуе прыбіральшчыцай у вечаровую і начную змены. Цяжкая фізічна і нізкааплатная работа – для колішняй галоўнай бухгалтаркі радасці мала.
Яркае сонца.
Людзі ляжаць на пляжы.
А мне – на працу.
Другое хайку Ніна склала пра бялюткі пакой, белата якога робіцца асабліва заўважнай, бо ў ім ляжыць чырвоны яблык.
11
Жыць у інтэрнаце мне нудна і самотна, я ўвесь час чакаю заняткаў, засмучаюся, калі яны заканчваюцца. Праводжу Ніну да прыпынку, з’ядаючы яблык, які зрываю па дарозе, і мы гутарым, пакуль не прыходзіць аўтобус. Я ўжо ведаю, на якім дрэве з тых, што растуць ля школы, яблыкі найсмачнейшыя.
Сулаф і Ясмін з Сірыі, а таксама Эміко з Японіі ездзяць на заняткі з мястэчак паблізу, як і Ніна. Мы з імі прыкладна аднолькавага ўзросту. Да свайго сораму, я раней не ведала, што ў Сірыі шмат хрысціян, даведалася ад аднагрупніц. Сулаф, Ясмін і Зэйн – хрысціяне. Адзіная ў нашай групе, хто насіла мусульманскую хустку, – гарэзлівая дваццаціаднагадовая Хадзіжа з Афганістана. Яна вучылася ў нашай школе і летась разам з нашымі сірыйскімі дзяўчатамі. Яны яе дужа любілі.