На заснежаны востраў. Анка УпалаЧитать онлайн книгу.
непрыязным позіркам.
Можна толькі гадаць чаму. Ці таму, што за пятнаццаць хвілін да гэтага мы пыталі ў яе пра дадатковы матрас, каб на ім змагла пераначаваць мама Эвеліны, якая прыедзе яе наведаць з іншага шведскага мястэчка (“Няма ў нас такіх матрасаў, якія можна класці на падлогу” – быў адказ), а цяпер пнёмся ў святыню святынь Стыфтэльсена?
У Яблычным горадзе ёсць яшчэ адна бібліятэка, прасцейшая. Там я таксама пыталася пра лінгвістычны часопіс, калі нас вадзілі туды на экскурсію. З трох спроб я не змагла дабіцца ад тамтэйшай біблятэкаркі ўвагі і ўцямнага адказу, быццам я пустое месца, што падае голас на няўпэўненай шведскай мове. О дзіўны новы досвед.
Такая кантраснасць у стаўленні мяне агаломшвае.
19
Неяк перад абедам, кіруючыся на нашую кухню, каб прыхапіць на дэсерт кексы, сустрэла найлепшую сяброўку Мацільды Лілі, якая гукала: “Мацільда-Мацільда!” Я ўбачыла, што дзверы нашага пакоя прыадчыненыя, а ключ тырчыць звонку – Мацільда часта забывае свае ключы ў дзвярах, а сёння і дзверы пакінула наросхрыст. Лілі давялося замкнуць іх і шукаць Мацільду далей, каб аддаць ключы.
– Знайшла яе, – адсправаздачылася Лілі, калі мы сустрэліся ў абедзеннай залі.
Я ўжо таксама паспела знайсці сваю суседку. Калі я спытала Мацільду, ці ведае яна, што забыла ў дзвярах ключы, іх выцягнуў з кішэні яе аднагрупнік Франк.
На гэтым тыдні мы з Мацільдай дзяжурныя. Было дамоўлена, што ў чацвер пасля заняткаў памыем падлогу ў калідоры і на кухні, бо ў пятніцу абедзве збіраемся ў Стакгольм. Але, калі надышоў момант Х, Мацільды і след прастыў.
Па калідоры самотная Лілі адна ідзе курыць.
– Ты не бачыла Мацільду? – пытаюся.
– Мацільда на возеры.
Тады я вырашыла, што памыю і прыбяруся на кухні і напішу Мацільдзе цыдулку, каб яна парабіла астатняе. Я акурат скончыла запісваць пасланне, як дзверы адчыніліся. Узбуджаная і пры парадзе, Мацільда заскочыла па нейкую патрэбу. У дзвярах яе ветліва чакаюць незнаёмыя мне новыя сяброўкі.
– Мацільда, мы ж дзяжурым.
– Давай ты – кухню, а я – усё астатняе, увесь калідор!
– Ну, давай. Кухню я акурат ужо памыла.
Мацільда ад удзячнасці парываецца абняцца, потым перадумвае. Кажа:
– Я ж п’яная.
– О, тады табе будзе цяжка.
– Я заўтра памыю перад ад’ездам!
– Добра.
Вечарынка сыходзіць. Але я паспяваю узяць Мацільдзін тэлефонны нумар на ўсялякі выпадак. Суседка набірае яго на маім тэлефоне і просіць:
– Дашлі мне смску, што гэта ты, а то мой тэлефон не са мной, а ў сябра зараджаецца, бо я ж забыла зарадку ў Стакгольме.
Вось так, тэлефон у сябра, зарадка ў Стакгольме, дзяжурства, у якое я не надта веру, заўтра.
Але я чамусьці не магу злавацца на Мацільду.
Нядаўна мы ўсім курсам хадзілі ў бібліятэку Стыфтэльсена, тую, дзе я пабывала двума днямі раней. Скажам, той жа Лілі ці яе суседкі Габрыэлы я не заўважыла на экскурсіі, а сонная Мацільда з бляшанкай