Ланцуг (зборнік). Андрэй ФедарэнкаЧитать онлайн книгу.
у тым баку, адкуль павінен пад’ехаць тралейбус, была асветленая нясмелым пакуль сонцам – так бывае позняй восенню, калі сонца то зырка блісне, то зусім схаваецца; але паступова паласа шырэла, святлела, набягала сюды, на прыпынак. Вось сонечны промень зіхнуў, адбіўся ад пярэдняга шкла тралейбуса, які выплыў з-за павароту… Вось тралейбус спыніўся, густа плюхнуўшы вадой з калюжыны на ногі тым, хто тоўпіўся блізка, вось натоўп паваліў у яго, аж затрашчалі дзверы, а сонечная паласа пабегла і пабегла сабе далей, заліваючы святлом паўгорада.
Вінярскі пастаяў, паглядзеў на тралейбус, уявіў, як яму будуць наступаць на ногі, запэцкаюць плашч, будуць дыхаць у твар, будзе пахнуць спяцоўкамі і прэлымі парасонамі, – павярнуўся і пайшоў пехатою, як рабіў не раз. Ісці было далекавата, праз увесь праспект, ажно ў Вяснянку, затое цалейшыя былі нервы і дарогаю добра думалася. Вінярскі расшпіліў плашч, дастаў цёмныя акуляры – мокры тратуар блішчэў пад сонцам, і пайшоў няспешна, трымаючыся далей ад краю тратуара.
На мосце праз Свіслач ён закурыў, перагнуўся, стараючыся не запэцкацца аб мокрыя чыгунныя парэнчы, папляваў уніз, цэлячы слінаю ў качку, якая плавала і нырала блізка каля моста. Пакуль стаяў, яго прамінулі двое п’яных; ішлі, хістаючыся, трымаючы пад рукі адзін аднога – і пранеслі за сабою свой адмысловы пах… Вінярскаму зрабілася гідка, ён павярнуўся, каб зірнуць ім услед, і ўбачыў, што і п’яныя спыніліся і глядзяць на яго. Ён абышоў іх – і зноў той жа пах…
Вінярскі не любіў людзей. I гэтых п’яных, і тых, каго ён цяпер абганяў, і тых, што яго абганялі, і тых, што панабівалі сабою, як селядцы бочкі, аўтобусы і тралейбусы і ездзілі ў іх туды-сюды па праспектах і вуліцах… Ва ўсіх вачах, што на яго глядзелі, ён чытаў толькі прасцейшыя жывёльныя інстынкты: убіцца, уплішчыцца ў тралейбус, дабрацца да ларка, да таннага, разбаўленага піва, «на-бухацца», атупець яшчэ больш – гэта ў мужчын; у жанчын, растаўсцелых да сарака гадоў, як пацукі на кармавых дражджах, – дапасці да нейкай чаргі, адстаяць, пасварыцца, схапіць урэшце ў руку чаканую сінюю палку крухмальнай варанай каўбасы, ад аднога выгляду якой нармальнага чалавека павінна зблажыць… Згадаліся раптам свае пацыенты – з загноенымі дзіркамі на руках і нагах, з пакрыўленымі, няправільна зрослымі пасля пераломаў касцямі, з апухлымі, перакошанымі рожаю тварамі, з выродлівымі, як шары, фурункуламі… I ў гэтых у вачах – тое ж жывёльнае: выратуй, пазбаў ад болю, выпусці гной, накладзі швы, здымі рожу… Каб зноў мы маглі піць сваё піва і стаяць у чэргах па сінюю каўбасу…
Вінярскаму прыйшло ў галаву, што з яго можа атрымацца добры хірург. Ён ніколі не пашкадаваў ніводнага свайго пацыента, заўсёды адчуваў да іх толькі агіду, яны былі для яго менавіта пацыенты, а не жывыя людзі. А гэта добра, усе вялікія ці проста добрыя хірургі, якіх ён ведаў ці пра якіх чуў у інстытуце на лекцыях, былі жорсткія. «Там мне гэта прыдасца, – падумаў ён, – а тут – трэба больш практыкавацца, набіваць руку».
Павярнуў на праспект – любімае сваё месца – шырокі, прыгожы, абсаджаны каштанамі,