Нічые (зборнік). Андрэй ФедарэнкаЧитать онлайн книгу.
аб сваім, – адно калі трапляліся на дарозе пагоркі ці яміны, прыўставаў у сядле, нібы ў іх з кабылаю было адно на дваіх цела і яе боль перадаваўся і яму.
Ардынарац – той самы Карпаў Даніла, якога ўсё расхвальваў перад бацькам падпіты Чуб, нават больш падыходзіў на ролю камандзіра, чым сам Чайка. У казацкім жупане, у сініх «ахвіцэрскіх» штанах з чырвонымі кантамі, у вузкіх і доўгіх, да каленяў, ботах, мажны, вусаты, строгі; толькі што пачціва, як і належыць ардынарцу, «на паўкорпуса» трымаецца ззаду… Не так лёгка, аднак, яму гэта ўдавалася. Мясцовай, семежаўскай гадоўлі малады і дурны жарабец круціўся пад ім, як чорт. То яму заманьвалася пашнырыць, што таму ганчаку, па вакольных кустах, то, не зважаючы на аброць і цуглі ў роце, перла яго да вады, а то, юрліва косячыся, пачынаў ён так прыціскацца да боку кульгавай сяброўкі, што ледзь не спіхваў яе ў рачулку.
– Ой, ты іграеш, ой, іграеш, – праз зубы сіпеў тады Даніла, гваздаючы семежаўцу праміж вушэй, нямоцна, канечне ж. – А вылегчаць?..
Калі ж жарабец супакойваўся на час і йшоў сабе смірна, як людскія коні ходзяць, – тады Данілу не было чым заняцца і ён крадком, збоку пачынаў пазіркваць на камандзіра. Ён адчуваў сябе вінаватым.
Яму сорамна было і за нядаўні прыкры выпадак, і за тое, галоўнае, што ягоны брацельнік, Дзяніс, павінен зараз стаяць у гэтым тылавым, «неабавязковым» – таму і ставілі звычайна падлеткаў – дазоры… А яго там не будзе. Бо ўчора важны (да самога ж Чайкі прыстаўлены!) Даніла здуру адпусціў яго з Чубам у вёску… Разведчыкі выпраўляліся акурат у краі, адкуль браты былі родам, грэх было такой нагоды не скарыстаць, да таго ж Чуб усё ўпрошваў: «ды што яму баяцца, са мною! – хай хоць бацькам пакажацца!..»
Цяпер ардынарац і вінаваціўся, і ўсё раздумваў: сказаць Чайку ці не? Ці пазней? Ці зусім маўчаць, мо само неяк абыдзецца?.. Тым больш было – задняй думкаю – і апраўданне: Чайка якраз спаў, і ён, добры, клапатлівы ардынарац, не насмеліўся будзіць яго – гэта першае, і другое – ды ўсё адно кампалка, канечне ж, адпусціў бы, ды нават проста не ведаў бы пра адсутнасць нейкага падлетка, проста не заўважыў бы! Аднак жа неяк вось так атрымалася… Ды і хто б мог падумаць, што Чайка сам сёння настрапаліцца аб’язджаць гэтыя дазоры, і кабылы не пашкадуе?.. Нібыта без яго няма каму аб’язджаць…
Ай, зрэшты, усё лухта, думалася Данілу, – таксама «падзея»: хлопец дамоў захацеў адскочыць… Адзін ён хіба? Скрозь такое. З трох дазораў, якія яны ад ранку паспелі праверыць, ніводнага поўнага… Хто бліжэй жыве, усе паразбрыдаліся пад нагоду – той да жонкі, той да маткі, той да свахі, па тытунь, каўбаску, самагонку… Партызаншчынка! І нібыта камандзіры не ведаюць – яшчэ і як ведаюць. Церпяць і мірацца, як церпіць і мірыцца Чайка. Вось жа ні заўвагі, ні слова нікому на тых трох дазорах…
Але, аказваецца, збіралася ў душы, капілася, пакуль не сарваў… Пакуль не гэты дурны выпадак. Хвілін дзесяць назад, калі яны, перасекшы стары семежаўскі шлях і спускаючыся да Морачы, сутыкнуліся са сваёй жа начной разведкаю. Тры коннікі са смехам і гоманам ані дбаючы ехалі сярэдзінай шляха, вялі з сабою