Эдэм (зборнік). Франц СіўкоЧитать онлайн книгу.
Козырава возьмем правіць, і ўсё наладзіцца.
– Хто такі Дыба?
– З ліцвінаў пераселеных. Ён у Крайне ўжо. Не бойся, ён хоць і з паўстанцаў, чалавек памяркоўны. І галоўнае – працавіты.
Графіня ўздыхнула. Ад’езд з горада, ад дабротаў, да якіх прывыкла змалку, яе палохаў. Але пярэчыць мужу не хацелася, і яна пайшла на хітрасць.
– А з Пелагейкай што?
– З Пелагейкай? – Андрэй Мікалаевіч на хвіліну задумаўся. За лёс дзяўчынкі, бацька якой, ягоны бесталковы стрыечны брат-няўдаліца, згінуў падчас бойкі з-за нейкае жанчыны, а маці, выхавацелька іх адзінага з Марыяй Іпатаўнай сына Алёшы, памерла пры родах, ён, чалавек чуллівы і сумленны, адчуваў адказнасць не меншую, чым за лёс уласнага сына.
– Два месяцы дзіцяці, хай бы акрыяла, – даводзіла сваё Марыя Іпатаўна.
– Няхай будзе па-твойму, – задаволены, што ўрэшце перамога, хоць і з пэўнымі саступкамі, засталася за ім, пагадзіўся граф. – Падрасце дзеўка, па вясне выпраўлю з нянькаю да вас у Крайну. А можа, і сам к таму часу перабяруся.
– Добра, Андрэй, як скажаш.
Марыя Іпатаўна ўстала, пайшла да дзвярэй.
У бальнай зале дзевяцігадовы Алёша раскрэсліваў крэйдаю на падлозе квадрацікі для гульні ў класы.
– Плача, чуеш, мама? – сказаў і схаваў за спінаю перапэцканыя крэйдай рукі.
Сапраўды, зверху, з-за галерэі, за якою адразу знаходзіўся дзіцячы пакойчык, даносіўся манатонны і працяжны, як скавытанне шчанюка, голас немаўляці.
Марыя Іпатаўна моўчкі прайшла паўз сына. Дзіцячага плачу яна заўсёды не любіла, а зараз, пасля непрыемнай размовы з мужам, і наогул не жадала чуць.
Дзяўчынка ікнула, зацерабіла ў паветры лыткамі, гарэзліва пацягнулася рукамі да сцяны, дзе вісела мапа.
– Бач ты, вучонаю будзе наша Пелагейка. – Палашка цмокнула малую, расшпіліла на грудзях кофту. Немаўля торкнулася вуснамі ў набрынялую грудзіну, смачна зацмокала.
У пакой увайшла Марыя Іпатаўна. Яна была апранута па-дарожнаму, у вачах свяцілася незадаволенасць.
– Не плача?
– Не. – Палашка пачціва ўсміхнулася. – Вось толькі рукі ўвесь час чамусьці да мапы цягне.
– Значыць, будзе падарожніцай. – Графіня казытнула малую за шчаку. – Мы ад’язджаем з Алёшам у Крайну, а вы, як толькі пацяплее, прыедзеце з Пелагейкай.
– Будзе зроблена.
– Дык да спаткання. – Марыя Іпатаўна змахнула з вейкі слязіну, накіравалася да дзвярэй.
Лета было ранняе, нязвыкла цёплае, з бясконцымі дажджамі. Ужо двойчы нахопліваліся і навальніцы. Насычаная вільгаццю зямля ўранку клубілася парай, зноў ішоў дождж, і здавалася, яму не будзе канца.
Палашка з Пелагеяй збіраліся ў Крайну. Той самы экіпаж, у якім пяць месяцаў таму ад’язджала графіня, стаяў ля ганка. Апошнім узгрузілі на яго кошык з полкамі.
Андрэй Мікалаевіч выняў дзяўчынку з зыбкі, панёс да выхаду. Яна крутнулася ў ягоных руках, паказваючы на сцяну, незадаволена захныкала.
– Што яна хоча?
– А вы не ведаеце? Мапу, вось што! – засмяялася Палашка.
– Мапу? Дык здымі яе і нясі ў экіпаж.
Мапу