Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)Читать онлайн книгу.
гэтыя ружы. Яны дыхалі, нават, здавалася, намагаліся нешта вымавіць. Гаўдзі спыніўся – а можа, гэта яны, гэтыя ружы, самі спынілі неўтаймоўнага Гаўдзі… Так ці іначай, Гаўдзі не ўтрымаўся і купіў адну ружу. І, пэўна ж, адразу (дзіўны, салодкі боль шыпоў!), ён адразу ўспомніў і пра мяне. І пра нашае з ім так раптоўна народжанае і ўсё яшчэ беспрытульнае чароўнае святло. Ён успомніў пра нас і, прыхінаючы ружу да грудзей, да душы прыхінаючы, замест таго, каб ісці на працу, замест таго, каб ісці будаваць храм, якому аддаў некалькі дзесяткаў гадоў свайго жыцця, ён заспяшаўся ў свой незвычайны, збудаваны дзеля мяне дом без кутоў, дом, які даўно стаў ігральным домам.
Ён так спяшаўся, мой, наш сівабароды Гаўдзі, Гаўдзі, які ў сталасці стаў падобны да Жана Вальжана, ён так спяшаўся, што пераходзячы вуліцу, не заўважыў трамвай. Першы ў Барселоне трамвай.
Ён упаў.
І белая ружа, малочна-белая ружа ўпала разам з ім. І з яе пялёсткаў, як слёзы пырснулі, рассыпаліся па бруку, азваліся святлом дыяментавыя расінкі…
Збегліся людзі. Выклікалі доктара. Але і ён не змог вырваць з пальцаў беспрытомнага, беспрытульнага Гаўдзі чароўную кветку, якая ва ўсіх на вачах ружавела, налівалася чырванню… Быццам, адлятаючы, хтосьці перадаваў ёй колер, святло, кроў, сваё жыццё… Людзі былі настолькі ўражаны, што ніхто, здаецца, не заўважыў, як, калі, куды раптам знік Гаўдзі. І што ўрэшце рэшт сталася з ружаю, якую ён не выпускаў з рук.
Святло, нячутнае, выслізнула з майго пакоя, падляцела да Гаўдзі – і дапамагло яму, ягонай душы пераадолець зямное прыцягненне, забрала з сабою цяпер, без душы нікому не патрэбнае, непрыгожае, няўклюднае цела, дапамагло яму даляцець туды, куды ён столькі гадоў ніяк не мог дайсці…
І Гаўдзі – разгублены, нясмелы – зноў пераступіў парог ім жа самім калісьці збудаванага, дзіўнага бяскутняга дома. Дома, які ён ніяк не мог пазнаць… Там, у тым доме, цяпер было поўна зусім незнаёмых, нервова-мітуслівых, п’яных людзей з чырвонымі, спацелымі тварамі. Іхнія грэблівыя ўсмешкі ранілі горш за шыпы. І ружа ў ягонай руцэ залілася сорамам, счырванела, сцялася і ледзь не звяла ад болю. Гаўдзі крануў яе сваімі вуснамі, як бы суцешваючы, суцешваючы і яе, і сябе, і павольна пачаў падымацца па лесвіцы, якая нагадвала ракавіну. Вінтавое ўзыходжанне было падобнае да падзення. А падзенне ставалася ўзыходжаннем. Кожны крок то забіраў, то зноў вяртаў яму пражытыя ім гады… Сівыя валасы пераўтвараліся ў цёмныя і зноў сівелі. Нарэшце Гаўдзі адшукаў ім самім калісьці прыхаваныя ад чужых вачэй і расчыніў падобныя на крылцы бэзавага матылька дзверы – і апынуўся, і вось ён нарэшце ён апынуўся ў тым самым пакоі, дзе я чакала, дзе я так чакала яго…
Замест ценю, я гэта адчувала, вакол мяне паранейшаму блукала святло. Гаўдзі зайшоў. І яно, гэтае неўтаймоўнае святло, як у кроплю, сцяклося ў белую ружу, якая адразу пачала люстравацца ў сценах, на столі, на падлозе. Гэты жывы, светланосны бутон то расцякаўся, то зноў набываў ясныя, выразныя абрысы, што рассыпаліся, расцякаліся ў пялёсткавым ззянні. Кветка