Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)Читать онлайн книгу.
беларускую. Чыцвёрты том купіла, а на пяты ніяк не збяру. А там… Пра мужа майго артыкул. Ён у мяне гісторыкам быў, археолагам. Доктар навук. Хоць вы, пэўна, яго не ведаеце. Ён яшчэ ў вайну, бедны, нагараваўся. Малы быў зусім, а яго ў Германію пагналі. І я ў эвакуацыі галадала, і вярнуліся – таксама голад. Траву елі. А цяпер во на старасці ізноў – ні капеечкі за душою. Я ж сумленна, з кожнае зарплаты адкладвала на ашчадную кніжку, думала, хоць на пенсіі ні ў чым адмаўляць сабе не буду… Працаваць бы пайшла… Але ж муж памёр, а дачка мая… замуж не пайшла, а дачушку таксама нарадзіла. Унучачку… Хай бы ёй на памяць энцыклапедыя, дзе пра дзеда напісана, была… У Эстоніі, я чытала, там, калі выходзіла іх энцыклапедыя, то кожная сям’я на яе падпісвалася… А ў нас, во, нават я, настаўніца, былая, але ўсё ж настаўніца, не магу купіць. Бутэлькі збіраю. Нават у племені тумбу-юмбу той, хто вучыць, лечыць і песні складае – самыя шаноўныя людзі. А ў нас, я чула па радыё, міліцэйская фуражка каштуе столькі ж, колькі настаўнік за месяц атрымлівае. А можа, калі б больш плацілі настаўнікам, далі б магчымасць ім кніжкі купляць, дзяцей як след вучыць і выхоўваць, глядзіш, і міліцэйскіх фуражак столькі не трэба б было…
Той, у чырвоным пінжаку, як бы працверазеў, ды не, ён зірнуў на яе зусім цвяроза і вымавіў неяк глуха, сам сабе не верачы: – Гэта Вы, Марыя Пятроўна? Гэта Вы?
Бутэлькі ў сумцы ціха дзынкнулі. Празрыстая і Зялёненькая, як самыя цікаўныя, сцішылі дыханне. А яна, яна яго ці пазнае?
Вірус азвярынус
Містычны эцюд
Падобны выпадак, як паведамлялася ў тэленавінах, сапраўды меў месца зімою 1992 года ў адным з гарадоў СНД. На Беларусі тады хадзілі грошы з вавёркамі, зайцамі, рысямі, ваўкамі, мядзведзямі…
Усю дарогу да суда Марына Макаранка, цяпер карэспандэнт камерцыйнай газеты «Пра ўсё», не магла пазбыцца дзіўнага адчування: час спыніўся і ніколі, ніколі ўжо не рушыць наперад. А тут яшчэ пара такая… Куды б ні йшоў, і выходзіш, і вяртаешся пад месячным святлом. Сонца быццам і не паказваецца. Адна суцэльная ноч. Мароз ломіць, страляе ў дрэвах. А снегу ўсё няма й няма. І цені ломяцца на гурбах леташняга лісця. Амаль як ва ўчарашнім фільме. Канец мінулага стагоддзя. Ваўкалакі. Звер з чалавечымі вачыма. Чалавек з налітымі крывёю вачыма звера.
Учора на паўторнай судова-псіхіятрычнай экспертызе яна ўспрыняла словы доктара Сянькоўскага як зусім недарэчны жарт. Нават на дыктафон не стала запісваць. А сёння словы гэтыя, быццам падсвечаныя неонам, набылі не тое што рэальны, а нейкі містычны сэнс…
– Ну, калі вам так хочацца выдаць яго за хворага, напішыце, што ў яго вірусная інфекцыя, новы паслячарнобыльскі вірус. Вірус азвярынус. У Закаўказзі – панэпідэмія, пандэмія. У нас – першы выпадак. Чалавек з душою, з вачыма здзічэлага сабакі…
Чалавек з вачыма здзічэлага сабакі… Яна, Марына, яшчэ не сустракалася з ім. Толькі фотаздымкі… Лысенькі бяззубы галышок. Сцяганосец у піянерскім лагеры. Сярод дзяўчат на першай і цяпер, пасля ўсяго, што адбылося, пэўна ж апошняй сваёй студэнцкай бульбе. Не.