Знак Вялікага магістра. Вольга ІпатаваЧитать онлайн книгу.
сам. Калі ж, пасля доўгіх поўзаньняў – пошукаў, ён зноў выйшаў да паляны, вочкі яго блішчэлі тым захапленнем і зацятасьцю паляўнічага, калі ён выходзіць на патрэбны след.
– Адзін з дваіх! – прашаптаў ён. – Каторы? Гердзень ці Даніла?
Вечарам, вярнуўшыся ў Ліду, разам з памочнікам Драздом ён сядзеў у прызамкавай карчомцы. Усе ў карчме ўжо ведалі, што чужынцы прыехалі з самой Вільні, каб даследаваць забойства ахоўнікаў і рабаванне куфра з каштоўнасцямі, таму спачатку людзі толькі назіралі збоку, як ядуць і п’юць прыезджыя. Але затым выжлуктанае піва дадало людзям смеласці, і да Сухты пачалі падыходзіць зямяне. Менавіта на гэта разлічвалі дазнальнікі, таму і адправіліся вячэраць у карчму, адмовіўшыся ад гасціннасці кашталяна: нідзе так не ахвочы да словаў чалавек, як там, дзе ён разам з іншымі вышынкоўвае хмельмае пітво. Паступова каля прыезджых сабраўся натоўп, і кожны выказваў свае думкі наконт здарэння, так што падыходзіла да поўначы, калі следчы нарэшце выправіўся ў пакоі, якія адвёў ім кашталян. У галаве яго гудзела, звесткі, якія з ахвотай накідалі ім у карчме, віліся вакол галавы, як надакучныя мухі.
На замчышчы ўсё спала, толькі вартавыя мерна хадзілі каля брамы. Іхнія крокі гулка аддаваліся ля калодзежа, што месціўся ўнутры двара, і, нібы адштурхоўваючыся ад сценаў, вярталіся зноў да варотаў. Дрозд адстаў, гаворачы з яшчэ з нейкім словалюбным месцічам, і Сухта прайшоў па двары адзін, асветлены смалякамі, што кідалі няроўныя цені на драўляныя прыбудовы ля усходняй сцяны.
У адну з іх ён зайшоў, марачы толькі аб адным – легчы на ложак і заплюшчыць вочы. На заўтра заставалася яшчэ процьма розных справаў, бо размовы з замкавымі людзьмі яшчэ і не пачыналіся. Учора, ледзь прыехаўшы, ён спяшаўся на месца здарэння. І не дарэмна: пярліна якраз на тым месцы, дзе нехта дапоўз да дарогі, была важнай следчай знаходкай. Трэба таксама дазнацца, якія гузікі маглі быць на адзенні Гердзеня ці данілы. І яшчэ, і яшчэ…
У канцы калідору, што пахнуў сьвежай драўнінай, да яго пасунулася чыясьці белая, як прывід, постаць. Возны схапіўся за тонкі кінжал – мізэрыкордыю, з якім быў неразлучны.
– Хто тут?
– Гэта я, маці Данілы! Таго, каго вы зараз шукаеце!
– прашалясцела насустрач, і ў дрыготкім святле светляка, што матляўся ў зажыме за яго спіной, Сухта ўбачыў нестарую яшчэ кабету ў доўгай сукні і камізэльцы, з белай наміткай на галаве. З ёй, маці зніклага Данілы і жонкай забітага Сокала ён збіраўся гаварыць у самую апошнюю чаргу. Маці заўсёды будуць абараняць сваіх сыноў…
– Чаго ты тут?
– Хачу толькі запытацца, дзеля Рода і Парадзіх:[37] ці вы штосьці знайшлі?
– Што і знайшоў, дык табе не скажу.
– Я хачу ведаць адно, толькі адно: ці жывы хаця мой сын?!
– Адкуль жа мне ведаць? – прабурчаў Сухта, трохі аслабіўшы кулак, што сціскаў кінжал. – Вось знойдзем, тады высветлім, хто забіваў… Твайго мужа, між іншым, таксама!
– Мой хлопчык не такі! – застагнала яна. – Ён ня выдзерца! Не, не, ён не рабаўнік! І любіць…
37
Род і Парадзіхі – старадаўнія славянскія багі плоднасці