Непамяркоўныя. Леанід МаракоўЧитать онлайн книгу.
казалі пра яго. Паглядзім, на што ж бог здатны.
Калі салдаты ачомаліся і пачалі страляць, першыя кулі прыняло на сябе цела лейтэнанта. Адступаючы з гэткім адмысловым шчытом ад канвою, Іваноў убачыў, як астатнія смяротнікі скарысталі збянтэжанасць аховы і кінуліся наўцёкі. Ды дзе там! Страляючы ў яго, канваіры не забыліся і на іх.
А Іваноў адыходзіў усё далей і далей. Нарэшце адкінуў выратавальны груз і скокнуў у кусты ядлоўцу. Трохi прабег, павярнуў налева, потым яшчэ раз крута ўзяў убок і, калі апынуўся крокаў за трыццаць справа ад стралкоў, стаіўся.
Першагодкі разгубіліся без камандзіра – за Івановым не пагналіся, а ўсчалі бязладную страляніну па кустах. Потым, пэўна, хтосьці з іх узяў ініцыятыву на сябе: стрэлы заціхлі. Двое пайшлі дабіваць параненых, астатнія рушылі да таго месца, дзе бачылі Іванова ўсяго хвілю таму. Эх, лепш бы ім не чапаць яго…
Сілуэты апошніх двух, што яшчэ не паспелі сысці са сцежкі, ён нейкі час разглядаў праз мушку пісталета. Прыцэліўся, двойчы націснуў на курок. Стралкі, быццам хто выцяў іх знячэўку адным бізуном, узмахнулі рукамі і ўпалі, як падкошаныя, у снег.
«Засталося восем», – адзначыў Іваноў.
Маладыя ахоўнікі нечым нагадалі яму будзёнаўцаў: іх ён бачыў аднойчы з-за бацькавай спіны ў час раптоўнага бою. Будзёнаўцы гэтаксама бязладна мітусіліся па полі. Толькі тады на месцы дзесяці забітых вырасталі сотні новых. Цяпер новых не відаць.
«Трэба спяшацца», – падумаў Іваноў, але не пабег, ціха звярнуў са сцежкі. «Яшчэ восем», – паўтарыў, як заклён.
Стралкі, хоць і першагодкі, неўзабаве скемілі – зэк збочыў. Пакуль яны шукалі тое месца, Іваноў ужо стаяў на адлегласці трапнага стрэлу ад апошняга ў іх ланцужку. І зноў, не спяшаючыся, прыцэліўся. У лесе было ціха, і яму падалося, што стрэл грымнуў як выбух гранаты. Салдат упаў. Куля трапіла яму ў спіну і, відаць, перабіла хрыбетнік. Ён ужо не дыхаў, а між дрэў яшчэ доўга ляцеў яго перадсмяротны крык.
Сем стралкоў пападалі на зямлю і, як іх вучылі, распаўзліся, займаючы кругавую абарону.
«Малайцы! – пахваліў Іваноў. – Цяпер можна адысці». Але не адразу скрануўся з месца – прысеў паназіраць, што будзе далей. Сцішыліся і стралкі, прыслухоўваліся: мо ўцякач зварухнецца, выдасць сябе?
Вытрымкі ў іх хапіла не надоўга. Неўзабаве салдаты асмялелі, пачалі перагаворвацца. Іваноў жа па-ранейшаму не высоўваўся, чакаў, пакуль падставяцца яны. Турбавала думка: ці далёка адышлі ад лагера? Ці чуваць там стрэлы? Калі чуваць, дык трэба ўцякаць далей, калі не – можна крыху адпачыць, перавесці дух.
Схамянуўся, убачыўшы, што салдат, які вылучаўся сярод іншых ростам і які перш трымаўся за лейтэнантам, а потым – у сярэдзіне групы і таму застаўся жывы, нібы кідае яму выклік: раз за разам падымае галаву, прыкладае да вачэй бінокль, выстаўляе напаказ сваю смеласць, сваю перавагу над усімі – перавагу новага камандзіра. «Ох, дарма, хлопча!» – не сказаў, а падумаў – і прыцэліўся. Куля прашыла салдаціку горла, і ён не паспеў нават крыкнуць.
«Шэсць, – машынальна