У святой краіне выгнання. Ала СямёнаваЧитать онлайн книгу.
зазвычай углядвалася ў неверагодную верагоднасць фарбаў, ліній, абрысаў, ідучы абарончым валам. Потым скіроўвалася самым стромым схілам гары на дно былога рова (напрадвесні і вясною тут заўсёды вада), бегма бегла на наступны пагорак, з яго – у парк, да сажалак, і паўз ручай, цыркліва негаманкі, цацачна нешырокі, выкіроўвалася да прыступак фарнага касцёла – фары.
Тут Дана зазвычай прыпыняла хаду, ішла доўга, павольна, садзілася на лаўку ля касцёла. Проста сядзела. Слухала птушак. Глядзела на дрэвы. І адчувала амаль фізічна гармонію існага. Раніцы. Цішыні. Свежасці. Адчувала на сабе ясвіны святла вялікай Загадкі Быцця.
Гадзін у сем дзверы касцёла расчыняліся. Там было строга-прыгожа. Заўсёды – многа кветак. Увесну – бэз і півоні. У ліпені – белыя лілеі. У жніўні – гладыёлусы і астры. А потым ад восені да самай вясны – хрызантэмы. Асабліва ёй падабаліся лілеі і хрызантэмы. І дзіўна – у пакоях у хаце пах лілеяў меў нейкую склівую слодыч, быў даўка-задушны. Тут, у храме, пах раствараўся ў паветры, у прасторы і набываў адухоўленую вытанчанасць, рабіўся ўстойліва-няўлоўным. Нейкім асаблівым хараством выдавалі лілеі каля абраза святой Тэрэзы – мо таму, што і святая, і кветкі былі сімвалам цноты і чысціні. Тоеснасць сэнсаў. А хрызантэмы – белыя як снег і пяшчотна-дробныя, як сняжынкі (тут ніколі не стаялі тыя, падобныя на баб-снегавікоў, з галовамі-шарамі). Гэтыя хрызантэмы ўвогуле нібыта з’явіліся на свет дзеля таго, каб упрыгожваць касцёл. Невялікі – фарны то і ёсць фарны. Без асаблівай аздобы, але з арыстакратычнаспакойнай прастатой. Ніякага дэкору. Строгія абрысы, урачыстасць, усё запрашала да малітоўнага роздуму. Стральчатыя вокны, аднакалёрнасць сценаў, цёмнае, самавітае разьбярства спавядальні і амбона, нешыкоўная завершанасць алтара. Цішыня храма была працягам наўкольнай. Імшу на тую пару тут правілі. Неафіцыйна. Ксяндза не было. Касцёл лічыўся нібыта зачыненым. Даглядала, вартавала, садзіла кветкі каля касцёла сястра Малгажата, назарэтанка.
Яе сясцёр у Хрысце расстралялі падчас вайны немцы. За міласэрнасць. За дабрату. Яны прынеслі ахвяру. Сястра Малгажата падчас арышту законніц была ў шпіталі на службе і засталася жывою.
…Дзверы храма былі адчыненыя. Парафіяне хадзілі да касцёла. А зазвычай гадзін да васьмі там нікога не было. Дана была адна. Доўга стаяла каля дзвярэй, потым праходзіла ў правы неф, да абраза святой Тэрэзы. Урэшце садзілася на лаву…
Тады Дана яшчэ нічога не ведала ні пра споведзь святога Аўгусціна, ні пра «Шматграннасць рэлігійнага вопыту» Уільяма Джэймса, нічога не чула пра «Суму тэалогіі»… Не ведала, што была святая Тэрэза Авільская і святая Тэрэза з Лізьё…
Афіцыйна касцёл адчынілі, калі Дана ўжо ад’ехала з горада, атрымаўшы атэстат сталасці, ва ўніверсітэт. Але ж усё роўна тут, у святыні, адчынялася ёй нешта вельмі важнае, пакрыёмае, падсвядома яна адчувала неабходнасць сваіх стасункаў з Сусветам, а дагмат Святой Тройцы рабіўся зразумелым, ачышчэнне здавалася блізкім, абавязковым, натуральным. Бог-айцец