У святой краіне выгнання. Ала СямёнаваЧитать онлайн книгу.
вышка, белыя калоны яе дома, ускраек лесу каля Сяльца. Калі ісці абарончым валам замка: панарама горада, ваколіц, вуліцы, вулкі, зялёная пестрадзь парку, пагоркі, жыты, хмызнякі… І яшчэ – яе горад, які мала хто паказваў і ведаў, – не з усходняга, а з паўночна-заходняга боку. Падобны на ўсе старажытныя, сярэднявечнай забудовы, гарады. Горад – на ўзгорку, увесь бела-зялёны, з высакароднымі белачырвонымі адзнакамі. Шаравата-чырвоныя цагляныя вежы замка, белы касцёл пад чырвонай дахоўкай. Белазялёны – таму, што Дана бачыла горад адсюль улетку і ўвосень – класа з чацвёртага яны хадзілі ў калгас каля возера Літоўка. Летам – палоць лён, восенню – капаць бульбу. Пешшу – хто ж то ездзіў за чатыры кіламетры на тую пару! У Літоўку ісці было лёгка – раніца, свежа, ненатомлена. З Літоўкі – прыемна: дахаты.
Гасцінец быў стары, «кацярынінскі» – не такія нікчэмныя былі тыя «пацёмкінскія вёскі» – абсаджаны дрэвамі. Брукаванка. Ісці было зручна – усе спрэс дзеці і падлеткі, з вясны да восені, шыбавалі ў «балетках», тапках-гумавіках. Ісці было звычна – радыус кіламетраў з дзесяць, а то і дваццаць, пераадольвалі больш пехатою. Ці на фурманцы. Машынэрыя прыйшла пазней. І хаця ад вайны было ўжо гадоў сем—дзесяць, аўто лічыліся нармальнай з’явай, але звычайным сродкам перасоўвання не сталі.
Горад нейкі час вабліва захоўваў выгляд старадаўняй гравюры, што набыла колер. Потым паволі набліжаўся – нібыта наязджала на яго кінакамера. І ўрэшце набягаў знаёмымі вулкамі – яны спяшаліся ад цэнтральнага пляца на шляхі: Гродзенская, Слонімская, Мінская.
Тое даўняе жыццё ішло пэўным, зададзеным нібыта самой натурай рытмам. Лета доўжылася некалькі месяцаў, не праскоквала гарачым бензінавым пеклам. Былі канікулы: бясконцыя, бесклапотныя. Можна было рабіць усё, што зажадаецца. Сноўдацца бясконца па парку і ваколіцах, чытаць кніжкі, сядзець на ўлюбёнай лаўцы пад касцёлам, хадзіць да касцёла, ляцець стрымгалоў на Замкавую гару. Стаяць доўга-доўга ў праёме вежы і адчуваць вецер, які ляцеў здалёк і тут увачавідкі даводзіў, што ён – рух паветра. Рух быў заўсёды імклівы, свавольны і нібыта даказваў няўмольна, што жыццё – таксама рух. І яна адчувала тое фізічна, усёй істотай. Нібыта існаванне вось у гэтыя хвіліны набывала свой сутнасны сэнс, а сутнасць кандэнсавалася ў моманце.
Пасля таго бязмежна доўгага лета надыходзіла восень – непаспешліва, спакваля. І шкаленне здавалася разумнай зменай, натуральнай, патрэбнай. Пачыналі выбіраць бульбу, лістота спакойна ўбіралася ў вераснёвакастрычніцкі цвет, на гарышчы пахла штрыфелем і грабштэйнам, над печчу падвісалі вязкі цыбулі. Ваколле поўнілася злагадай, паспакайнелым сонечным святлом. Ставілі другія рамы, мылі аконныя шыбы, варылі журавіны з ігрушамі, сушылі грыбы. Журавы зацягвалі сваю шчымліва-развітальную коду. Ва ўсім было адчуванне законапарадку прыроды. Дзень не драбніўся мітуснёй, поўніўся зменшанай даўжынёй сваёй. Саступаў месца доўгай ночы. А спакойная цеплыня – ліставею. Прымаразкам.
Зіма таксама не абрыналася знянацку, а прыходзіла – чаканая,