Пантофля Мнемазіны. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
маленькія лічынкі асы-наезніка, прагрызаюць знутры млявую зялёную плоць… Ненатуральнае, агіднае да ванітаў відовішча – як цяпер…
– Забірайце Магістра! – зноў рыкнуў Рыгор. – Вось прапускі… Паперка з паўнамоцтвамі… Можаце машыну ўзяць… Галоўнае, не гаварыце мне, дзе яго схаваеце! Бо пасля… – голас Самуся знізіўся да шэпту. – Пасля я буду яго шукаць, каб арыштаваць і дабіць. Гада… Падлюку…
Апошнія словы гаварыў ужо не Рыгор, а той звер, які ў ім узгадаваўся. І Рэм, ужо не саромеючыся свайго страху перад найлепшым сябрам, схапіў Магістра пад пахі…
Вось так яны і апынуліся ў гэтым грузавіку. Які відавочна зведаў франтавыя дарогі, вунь на дошках сляды асколкаў. Цямнее. Туман згушчаецца, дробныя кроплі вісяць у паветры, ліпнуць на твар вільготным павуціннем. Сосны змяніліся чорнымі ў прыцемку елкамі. Быццам сцяна крэпасці, з-за якой паказваюцца шаломы, дзіды, мячы абаронцаў.
Куды яны едуць? Малгося не сказала.
Святло фар яшчэ больш насыціла чарнатой цені. Здавалася, дрэвы з абодвух бакоў дарогі прысоўваюцца бліжэй, каб раздушыць іншародную металічную істоту, якая парушае цішу і раніць цемру. Ды лес Рэма даўно не палохаў – некалькі год знаходзілі ў ім ратунак. І нярэдка малілі ўсёй душой, чуючы далёкі брэх сабак, стрэлы, чужыя галасы, каб сталася яшчэ цямней, яшчэ гусцей было кустоўе ды вецце, яшчэ далей апынуцца ў нетрах…
Між тым грузавік збочыў, марудна, перавальваючыся ў калюжынах, на вузкую дарогу. Цяпер голле ледзь не біла па твары, Малгося перастала гнаць машыну. Падалося ці не – наперадзе засвяціўся слабы агеньчык. Цвічок прыўзняўся, угледзеўся: сапраўды, набліжаюцца да нейкага будынка. Дрэвы расступіліся. Забраны ў жалезныя краты ліхтар – паўжывая зняволеная жарынка – паказваў жалезныя вароты, высокі пабелены плот, паўзверх – некалькі радоў калючага дроту.
І шыльда: «Інфекцыйная спецбальніца. Уваход строга забаронены».
Малгося выскачыла з кабіны, загрукала кулаком у жалезныя дзверы… Яе каротка стрыжаныя русявыя валасы зліпліся ў неахайныя пасмы. У жалезным палотнішчы ўтварыўся чорны прагал – з агідным рыпам адчынілася акенца. Малгося ціха перамовілася з нябачным ахоўнікам, падала дакументы…
Вароты раз’ехаліся па сталёвых пазах. Іх ахоўвалі двое ўзброеных салдат, але, што палохала больш за зброю – у белых марлевых павязках на тварах. Што за праклятае месца?
Наколькі можна было разгледзець у святле рэдкіх ліхтароў, за варотамі цэлае паселішча. Аднапавярховыя будынкі. Некаторыя – са светлай сучаснай цэглы, а былі цёмныя, з вялікімі аркамі-ўваходамі, магчыма, былыя панскія стайні. Малгося спыніла машыну перад адзіным двухпавярховым будынкам – нецікавы светлы простакутнік з закратаванымі вокнамі, два вакны на першым паверсе свяціліся мёртвым цьмяным святлом. У тым доме яна прабыла хвілін пяць. Вярнулася не адна. Двое ў белых халатах, з насілкамі, прычым адзін кульгавы, другі гарбаты – як у нейкай прыпеўцы. І жанчына, танклявая, з укладзенай на галаве цяжкой касой, з ганарыстай паставай і ўладнымі